ГЛУШНЕ́ВІЧ Міхал
(1797, Мінск — 1862),
бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў ў 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).
т. 5, с. 305
ГЛУ́ШСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1908—13 у маёнтку Глуша Бабруйскага пав. (цяпер рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не). Мела паравы рухавік (30 к.с.). У 1908 працавала 50 чал., выраблена дошак на 120 тыс. руб., клёпак і гонты на 9 тыс. руб. 20 рабочых у 1910 вырабілі прадукцыі на 130 тыс. руб.
т. 5, с. 305
ГЛУ́ШСКІ ШКЛОЗАВО́Д,
акцыянернае аб’яднанне «Шкло-Глуша». Дзейнічае з 1896 (у маёнтку Глуша Бабруйскага павета — зараз г. п. Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.). З 1920 шклозавод «Камінтэрн», з 1995 акц. аб’яднанне «Шкло-Глуша». У час Вял. Айч. вайны разбураны. Адноўлены ў 1945. Выпускае бутэлькі для малака, алею, каньяку, пепсі-колы і інш.
т. 5, с. 305
ГЛУ́ШЧАНКА Георгій Сямёнавіч
(5.5.1922, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.9.1994),
бел. музыказнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Д-р мастацтвазнаўства (1985). Праф. (1980). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (гіст.-тэарэт. ф-т, 1953) і Горкаўскую кансерваторыю (клас скрыпкі, 1954). З 1957 выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі). Навук. працы па гісторыі рус. і бел. музыкі, муз. крытыкі і эстэтыкі. Удзельнічаў у стварэнні падручнікаў па гісторыі бел. музыкі і бел. муз. л-ры. Рэдактар шматлікіх выданняў па пытаннях нац. муз. мастацтва.
Тв.:
Н.Д.Кашкин и русская опера. Мн., 1960;
В.Ф.Одоевский и русская народная песня. Мн., 1966;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971 (у сааўт.);
Беларуская сімфанічная музыка 50—60-х г. (разам з К.Сцепанцэвіч) // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
История белорусской музыки. М., 1976 (у сааўт.);
Белорусская советская музыкальная литература. 2 изд. Мн., 1981 (разам з К.І.Сцепанцэвіч);
Очерки по истории русской музыкальной критики конца XIX — начала XX в. Мн., 1983.
Р.М.Аладава.
т. 5, с. 305
ГЛУ́ШЧАНКА Людміла Фёдараўна
(н. 14.2.1945, в. Сяргееўка, Прыморскі край, Расія),
бел. вучоны ў галіне масаперадачы. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Жонка М.А.Глушчанкі. Скончыла Кузбаскі політэхн. ін-т (1971). З 1978 у Магілёўскім тэхнал. ін-це, з 1980 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні абсталявання для інтэнсіфікацыі тэхнал. працэсаў харч. вытворчасцей.
т. 5, с. 306
ГЛУ́ШЧАНКА Мікалай Аляксеевіч
(н. 21.8.1937, г. Джанкой, Украіна),
бел. вучоны ў галіне электратэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1991). Скончыў Севастопальскі прыборабудаўнічы ін-т (1977). З 1978 у Магілёўскім тэхнал. ін-це, з 1980 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні абсталявання для атрымання электраактываванага паветра і электрааэрацыі раствораў у працэсах біятэхналогіі.
т. 5, с. 306
ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,
прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.
т. 5, с. 306
ГЛУШЭ́Ц
(Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
т. 5, с. 306
ГЛУШЭ́Ц,
возера ў Гомельскім р-не, у пойме р. Сож, за 20 км на Пд ад Гомеля. Пл. 0,48 км², даўж. 4,77 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. 5 — 6 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Упадае р. Случ-Мільча, выцякае ручай у р. Сож.
т. 5, с. 306