Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖАБРО́ЎСКІ (Канстанцін Адамавіч) (псеўд. Костка, Навіцкі; 1838, Аўгустоўская губ. —6.7.1863),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Арлоўскі кадэцкі корпус і Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Пецярбург). З 1861 вучыўся ў Артыл. акадэміі ў Пецярбургу, уваходзіў у ваен. рэв. арг-цыю. 16.4.1863 уцёк на Магілёўшчыну, прызначаны паўстанцкім ваен. начальнікам Сенненскага пав. З групай каля 100 валанцёраў перайшоў у Барысаўскі пав., дзе злучыліся некалькі паўстанцкіх груп. 19.5.1863 аб’яднаны атрад разбіты ўрадавымі войскамі каля в. Падбярэззе. Ж. схоплены і паводле прысуду расстраляны ў Барысаве.

Г.В.Кісялёў.

т. 6, с. 410

ЖАБРО́ЎСКІ (Тамаш) (25.11.1714, каля г. Навагрудак — 18.3.1758),

бел. архітэктар, матэматык. Прадстаўнік стылю барока. Вывучаў філасофію ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1735—38), матэматыку, фізіку, астраномію і архітэктуру ў Вене і Празе. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—58) і Полацкім калегіуме. Асн. пабудовы, езуіцкі касцёл у Бабруйску (1745—46), касцёл св. Ігнацыя і калегіум (1748—50), абсерваторыя езуіцкага калегіума (1752—53), перабудова касцёла св. Яна (1756—58) — усе ў Вільні, інтэр’ер кальвінскага збору ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на (1757—66). Аўтар праекта касцёла бенедыкцінак у в. Крож (Літва). Кіраваў буд-вам Полацкага езуіцкага кляштара, праектаваў (каля 1750) палац Агінскага ў маёнтку Ганута Ашмянскага пав. (цяпер в. Ручыца Вілейскага р-на).

т. 6, с. 410

ЖА́БРЫ,

гл. Шчэлепы.

т. 6, с. 411

ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Жабрыца аднагадовая.

т. 6, с. 411

ЖАБРЭ́Й,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Зябер.

т. 6, с. 411

ЖА́БЧЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР. Утворана 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Жабчыцы. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 30.5.1955 цэнтр раёна перанесены ў в. Малоткавічы. 14.10.1957 Ж.р. скасаваны, 2 сельсаветы перададзены Іванаўскаму, 1 — Лагішынскаму, 6 — Пінскаму р-нам.

т. 6, с. 411

ЖА́БЫ сапраўдныя

(Ranidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.

Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 6, с. 411

ЖАБЯНЦЯ́ЕЎ (Аляксандр Ільіч) (н. 6.8.1944. в. Мядзвёдка Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне аналітычнай і таксікалагічнай хіміі. Д-р фармацэўтычных навук (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1966). З 1978 працуе ў ім. Навук. працы па распрацоўцы новых спосабаў кантролю за якасцю лекавых сродкаў.

Тв.:

Фотометрия азотсодержащих лекарственных веществ с применением кислотных красителей (разам з А.П.Арзамасцавым) // Фармация. 1993. № 5;

Химико-аналитические свойства флуоресцирующих ассоциатов этония с галогенопроизводными флуоресцеина (разам з А.К.Жарнасекам) // Весці АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1996. № 2.

т. 6, с. 411

ЖА́ВАРАНАК (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 28.6.1953, в. Селішча Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі, інфекц. хвароб, эпідэміялогіі і радыяцыйнай медыцыны. Д-р мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1976, з 1991 дырэктар Віцебскага філіяла н.-д. клінічнага ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова з 1997 — Віцебскага філіяла Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па лячэнні хранічных вірусных гепатытаў. Навук. працы па эпідэміялогіі, патагенезе. клінічных праявах вірусных гепатытаў, прычынах актывацыі асобных вірусных інфекцый у людзей, што пацярпелі ад уздзеяння розных доз іанізуючай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апісаў вірусныя дэльта- і C-гепатыты, распрацаваў прэпараты для дыягностыкі інфекц., аўтаімунных, анкалагічных і эндакрынных хвароб на аснове імунаферментнай тэхналогіі, мерапрыемствы па прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і лячэнні радыяцыйна-індуцыраваных хвароб сярод насельніцтва Беларусі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Разработка радиоиммунного метода определения HBe-антигена (у сааўт.) // Актуальные вопросы патогенеза и терапии инфекционных и паразитарных болезней. Л., 1987;

Пособие по иммунологии. Витебск, 1996 (у сааўт.);

Клинико-морфологические аспекты скрининга радионуклидов в трупном материале (Витебская и Гомельская области) // (у сааўт.) // Медицинская радиология и радиационная безопасность. 1996. № 1.

т. 6, с. 411

ЖА́ВАРАНКАЎ (Мікалай Міхайлавіч) (7.8.1907, с. Стралецкія Выселкі Разанскай вобл., Расія — 5.8.1990),

сав. хімік і тэхнолаг. Акад. АН СССР (1962; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1930), дзе і працаваў (з 1948 рэктар). У 1962—88 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі і Ін-та новых хім. праблем АН СССР. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі, тэхналогіі неарган. матэрыялаў. Даследаваў гідрадынаміку, Маса- і цеплаабмен у працэсах адсорбцыі, рэктыфікацыі, малекулярнай дыстыляцыі. Прапанаваў спосабы аптымізацыі некаторых стадый вытв-сці аміяку і азотнай к-ты, прамысл. метады атрымання ізатопаў азоту ​15N і кіслароду ​18O высокай канцэнтрацыі, спосабы раздзялення стабільных ізатопаў лёгкіх элементаў. Дзярж. прэмія СССР 1953, 1984.

Літ.:

Н.М.Жаворонков. 2 изд. М., 1987.

М.М.Жаваранкаў.

т. 6, с. 411