Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖА́КАЎ (Алег Пятровіч) (1.4.1905, г. Сарапул, Удмурція — 4.5.1988),

рускі акцёр. Нар. арг. СССР (1969). Скончыў Ленінградскі тэхнікум сцэн. мастацтва (1929). З 1925 здымаўся ў кіно. Яго выканальніцкай манеры характэрны знешняя стрыманасць, глыбокі псіхалагізм. Сярод фільмаў: «Сямёра смелых», «Мы з Кранштата», «Нашэсце» (Дзярж. прэмія СССР 1946), «Ля возера» (Дзярж. прэмія СССР 1971), «Фронт без флангаў» і «Фронт за лініяй фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гарачае лета ў Кабуле», «Дзяўчына і Гранд».

т. 6, с. 412

ЖА́КАЎ (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 13.10.1928, с. Стары Кувак Ленінагорскага р-на, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Казанскі вет. ін-т (1951). З 1954 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, у 1968—95 рэктар. Навук. працы па імунамарфалогіі і імунапаталогіі пры інфекцыйных, інвазійных і асацыятыўных хваробах, вакцынацыях і імунастымуляцыі с.-г. жывёл.

Тв.:

Анализ патологоанатомического вскрытия животных. Мн., 1977;

Патологическая анатомия с.-х. животных. М., 1995 (у сааўт.);

Иммунология и иммунопатология. Витебск, 1996.

т. 6, с. 412

ЖАКЕ́Й (англ. jockey),

прафесіянальны яздок на конных скачках, спецыяліст па трэнінгу і выпрабаванні коней-скакуноў.

т. 6, с. 413

ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),

антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс. чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс. чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.

Літ.:

Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;

Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 6, с. 413

ЖАКО́, шэры папугай (Psittacus erithacus),

птушка атр. папугаепадобных. 3 падвіды. Пашыраны ў лясах экватарыяльнай Афрыкі ад Сьера-Леоне да 3 Кеніі, на а-вах Сан-Таме і Прынсіпі. Трымаюцца вял. чародамі, зрэдку асобнымі парамі.

Даўж. 35—40 см. Апярэнне шэрае, хвост — ярка-чырвоны, кароткі. Дзюба чорная, вузкая. Гняздуецца ў дуплах высокіх дрэў, нясе 2 яйцы. Корміцца пладамі і насеннем. Здольны да гукапераймання. Утрымліваецца ў няволі, дзе размнажаецца рэдка.

Жако.

т. 6, с. 413

ЖАКО́Б (Jacob),

сям’я франц. майстроў маст. мэблі.

Жорж (6.7.1739, Шэні, Францыя — 5.7.1814). Ствараў свой стыль мэблі ў стылі класіцызму (разная з пазалотай, пазней з паліраванага чырв. дрэва і пазалочанай бронзы з ант. матывамі). Працаваў таксама па эскізах Ж.Л.Давіда (мэбля для майстэрні жывапісца, 1789—90), Ш.Персье і П.Фантэна (мэбля для залы пасяджэнняў Канвента ў парыжскім палацы Цюільры, 1793) і інш.

Франсуа Анарэ (празваны Жакоб Дэмальтэр; 6.2.1770, Парыж — 15.8.1841). Сын Жоржа. Пасля 1803 заснаваў разам з бацькам фірму (існавала да 1812), якая праславілася сваёй мэбляй у стылі ампір для палацаў Напалеона I, Цюільры.

Жорж Альфойс (21.2.1799, Парыж — 7.6.1870). Сын Франсуа Анарэ. З сярэдзіны 19 ст. вырабы яго майстэрні вызначаліся як «стыль жакоб» (мэбля з чырв. дрэва з наклеенымі палоскамі латуні).

Да арт. Жакоб. Ф.А.Жакоб. Туалет з палаца Цюільры. 1805—10.

т. 6, с. 413

ЖАКО́Б ((Jacob) Макс) (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),

французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў у фаш. канцлагеры.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихи. СПб., 1995.

К.М.Міхееў.

т. 6, с. 413

ЖАКО́Б ((Jacob) Франсуа) (н. 17.6.1920, г. Нансі, Францыя),

французскі мікрабіёлаг, генетык. Чл. Парыжскай АН (1977). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага навук. т-ва (1973), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1964). Скончыў Парыжскі ун-т (1947). Да 1950 працаваў у ім, з 1950 у Ін-це Пастэра ў Парыжы (з 1960 праф.), адначасова з 1965 у Калеж дэ Франс. Навук. працы па генетыцы бактэрыяльных клетак і вірусаў. Адзін з аўтараў гіпотэзы пераносу генетычнай інфармацыі і рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках (канцэпцыя аперона). Аўтар прац па лізагеніі (канцэпцыя эпісом). Нобелеўская прэмія 1965 (разам з А.Львовым і Ж.Мано).

Ф.Жакоб.

т. 6, с. 413

ЖАКО́ЎСКІ (Рамуальд) (1897—1.1.1919),

бел. акцёр. У 1917—19 у трупе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Выканаўца характарных роляў (Пісар і Кукса — «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, сват Якуб — «Модны шляхцюк» К.Каганца і інш.). Стварыў глыбока псіхал. вобраз Старца ў «Раскіданым гняздзе» Я.Купалы. Выступаў з чытаннем вершаў бел. паэтаў (часам і сваіх) у дывертысментах.

т. 6, с. 413

ЖАК-ДАЛЬКРО́З ((Jaques-Dalcroze) Эміль) (Жак; 6.7.1865, Вена — 1.7.1950),

швейцарскі педагог, кампазітар. Вучыўся ва ун-це і адначасова ў кансерваторыі ў Жэневе, потым у А.Брукнера, Л.Дэліба і інш. У 1892—1910 праф. Жэнеўскай кансерваторыі. Распрацаваў сістэму муз.-рытмічнага выхавання, заснаваную на ўвасабленні вобразнага зместу музыкі ў пластычным руху. У 1910 арганізаваў Школу музыкі і рытму ў г. Гелераў (каля Дрэздэна), у 1915 — Ін-т Ж.-Д. ў Жэневе. Падобныя ін-ты і школы былі засн. яго паслядоўнікамі (М.Вігман, В.Ніжынскі, Р.Сен-Дэні і інш.) у многіх гарадах Еўропы і Амерыкі (у 1920 у Маскве і Петраградзе). Аўтар 7 камічных опер і аперэт, кантат («Свята ў кантоне Во», 1903 і інш.), арк. твораў, канцэртаў для інструментаў з арк., песень («Раманскія песні» сталі народнымі), а таксама літ. твораў, прысвечаных яго сістэме выхавання.

т. 6, с. 412