ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),
антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс. чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс. чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.
Літ.:
Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;
Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 6, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)