ЖАКО́Б ((Jacob) Макс) (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),
французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў у фаш. канцлагеры.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. стихи. СПб., 1995.
К.М.Міхееў.
т. 6, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)