Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЁМІСТАСНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

велічыня, якая характарызуе супраціўленне пераменнаму току электраёмістасці ланцуга (яго ўчастка). Ё.с. сінусаідальнаму току xc=1/ωC, дзе ω — цыклічная (вуглавая) частата, C — ёмістасць ланцуга. У Міжнар. сістэме адзінак вымяраецца ў омах. Разам з індуктыўным супраціўленнем складае рэактыўнае супраціўленне, якое ўваходзіць у склад агульнага (поўнага) электрычнага супраціўлення.

т. 6, с. 408

ЁМІСТАСЦІ ВЫМЯРА́ЛЬНІК,

электрычная прылада для вымярэння электраёмістасці. Найб. пашыраны Ё.в. маставыя (гл. Мост вымяральны) і лагаметрычныя (гл. Фарадметр). Ёмістасць вызначаюць таксама балістычным метадам вымярэнняў і з дапамогай некалькіх вымяральных прылад непрамым спосабам (метадамі трох вальтметраў, вальтметра — амперметра і інш.).

Схема ёмістасці вымяральніка паводле прынцыпу непасрэдных вымярэнняў: U0 — крыніца пераменнага напружання частатой f0; C0 — узорная ёмістасць; Cx — ёмістасць, якая вымяраецца; R, KH — рэзістар і кнопка ўстаноўкі нуля.

т. 6, с. 408

ЁМІСТАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ біялагічная,

здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планаваць гасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.

т. 6, с. 408

ЁМІСТАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,

гл Электраёмістасць.

т. 6, с. 408

ЁРШ-НАСА́Р,

гл. ў арг. Джгіры.

т. 6, с. 408

ЁРШ БАЛО́НА,

гл. Джгір Балона.

т. 6, с. 408

ЁРШ ЗВЫЧА́ЙНЫ,

гл. ў арт. Джгіры.

т. 6, с. 408

Ёсіда Сігэру

т. 18, кн. 1, с. 384

ЁЎНЯ,

традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.

т. 6, с. 408

Ж,

восьмая літара бел. і некат. інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай ж («жывеце»), што была ўтворана шляхам далучэння цэнтр. вертыкальнай рыскі да літары («хер») або падваення літары Ꙁ («зямля»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «ж», «ж’» (вежа», «жити»). Не мела лічбавага значэння. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі зацвярдзелы шчыльны пярэднеязычны зычны гук «ж» (жыта»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў парны да яго па звонкасці і глухасці гук «ш» («нож—нош»). Уваходзіць у склад дыграфа «дж» («дажджы»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 409