Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЕЎРОПАЦЭНТРЫ́ЗМ,

прынцып і пазіцыя, паводле якіх падзеі ў свеце разглядаюцца і ацэньваюцца з еўрап. пункту гледжання. Мае месца ў філасофіі гісторыі і культуры, тэорыі развіцця грамадства, паліталогіі і інш. грамадскіх навуках, а таксама ў палітыцы. Характэрная рыса Е. — абсалютызацыя еўрап. вопыту развіцця як узораў для нееўрап. народаў. Рысы Е. заўважаюцца ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Платон, напр., лічыў грэч. поліс (горад-дзяржава) ідэальнай формай дзярж. ўладкавання. У сярэдневякоўі на Е. абапіралася ідэалогія каталіцызму, якая абвяшчала Ватыкан духоўным цэнтрам зямлі і вяла барацьбу супраць інш. рэлігій. У 19 і 20 ст. еўропацэнтрычныя ідэі пэўным чынам паўплывалі на філасофію Г.Гегеля, на тэорыі цывілізацый і культур О.Шпенглера і А.Тойнбі. Элементы Е. ёсць і ў сучасных тэорыях грамадскага развіцця, дзе падкрэсліваецца вядучае значэнне еўрап. вопыту навук.-тэхн., тэхнал. і сац.-культ. прагрэсу.

Літ.:

Семенов Ю.Н. Социальная философия А.Тойнби М., 1980;

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991.

В.І.Боўш.

т. 6, с. 404

ЕЎРО́ПІЙ (лац. Europium),

Eu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 63, ат. м. 151,96, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​151Eu (47,82%) і ​153Eu (52,18%). У зямной кары 1,3∙10​−4% па масе. Адкрыты ў 1901 франц. хімікам Э.Дэмарсэ.

Серабрыста-белы метал, tпл 826 °C, шчыльн. 5245 кг/м³. У паветры хутка акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі), узаемадзейнічае з вадой і мінер. кіслотамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Выкарыстоўваюць як паглынальнік нейтронаў у ядз. тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.

т. 6, с. 404

ЕЎРЫПІ́Д,

гл. Эўрыпід.

т. 6, с. 404

Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Серафім Фёдаравіч) (н. 2.1.1914, г. Чыятура, Грузія),

бел. інжынер. Сын Ф.Ф.Еўстаф’ева. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1940). З 1950 у Ін-це торфу АН Беларусі, у 1954—70 у БПІ. Сканструяваў пнеўматычны барабан для перакочвання цыліндрычнага торфу пры яго сушцы, воданаліўны каток для ўшчыльнення грунту. Распрацаваў тэорыю праектавання і выяўлення на чарцяжах святлоценявых форм. Аўтар успамінаў пра Ф.Ф.Еўстаф’ева.

т. 6, с. 404

Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Фёдар Фёдаравіч) (12.10.1862, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 21.1.1941),

бел. вынаходнік. Герой Працы (1928). З 1903 працаваў у Гомельскім чыг. дэпо. Вынайшаў лятальны апарат верт. ўзлёту — гелікаптэр, макет якога экспанаваўся на Екацярынаслаўскай прамысл. выстаўцы ў 1909, прыстасаванне для прадзімання дымагарных труб паравозных катлоў, дамкрат для падымання вагонаў, іскраўлоўнік на паравозах, эстакаду для падачы вугалю на паравозы і інш. З 1922 займаўся распрацоўкай праекта вінтаплана (верталёта) для перавозкі пасажыраў.

Літ.:

Дегтев В. Крылья Белоруссии. Мн., 1973. С. 16—17.

Ф.Ф.Еўстаф’еў.

т. 6, с. 404

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 30.8.1941, в. Сукманаўка Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед.н. (1991), праф. (1994). Акад. Каралеўскай акадэміі дактароў Іспаніі (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966). У 1969—83 і з 1994 працуе ў ім, у 1983—94 у Бел. дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах эпілепсіі і яе хірург. лячэння. Адзін з аўтараў адкрыцця «Заканамернасці змянення ўласных акустычных ваганняў галаўнога мозга» (1991), распрацоўкі сістэмы камп’ютэрнай дыягностыкі вострых хвароб ц. н. с. і метаду рэдыслакацыі мазгавога ствала ў выпадках яго зрушвання і пры ўшчамленнях, абумоўленых унутрычарапной гіпертэнзіяй.

Тв.:

Смещения и ущемления мозгового ствола. Мн., 1968 (разам з М.С.Місюком, С.М.Рагульчанкам);

Острая внутричерепная гипертензия. Мн., 1974 (раэам з А.Я.Семаком);

Основы топической диагностики заболеваний нервной системы. Мн., 1974 (у сааўт.);

Нервные болезни. Мн., 1977 (разам з М.С.Місюком, А.М.Гурленем).

т. 6, с. 404

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Яўген Аляксандравіч) (9.10.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.3.1992),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1951) і Школу-студыю МХАТ (1956; з 1983 праф. у ёй). У 1957—70 у Маск. т-ры «Сучаснік». З 1971 у МХАТ (з 1989 у МХАТ імя А.Чэхава). Яго мастацтву ўласцівы тонкасць псіхал. аналізу, трапнасць сац.-быт. характарыстыкі персанажа, разнастайнасць фарбаў (ад лірыкі да едкага сарказму): Кароль («Голы кароль» Я.Шварца), Серабракоў, Фірс, Шабельскі («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сал», «Іванаў» Чэхава), Пётр Хромаў («Сталявары» Г.Бокарава, Дзярж. прэмія СССР 1974). З 1957 здымаўся ў кіна- і тэлефільмах: «Сцеражыся аўтамабіля», «Бег», «Старыя-разбойнікі», «Дзямідавы», «Па сямейных абставінах», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.

т. 6, с. 405

ЕЎСЯГНЕ́ЕЎ (Раман Аляксандравіч) (н. 25.6.1951, Мінск),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1980 працаваў у ім, з 1995 у Бел. дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг- кафедры). Навук. працы па вывучэнні біял. механізмаў афектыўных расстройстваў, магчымасцей іх індывід. прагнозу і тэрапіі. З 1994 старшыня праўлення Бел. псіхіятрычнай асацыяцыі.

Тв.:

Практическое пособие по психиатрии. Мн., 1991 (разам з Ф.М.Гайдуком, Т.Ц.Сарокінай).

т. 6, с. 405

Еўтухоў Ігар Арэставіч

т. 18, кн. 1, с. 384

ЕЎТУШЭ́НКА (Яўген Аляксандравіч) (н. 18.7.1933, г. Зіма Іркуцкай вобл., Расія),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1951—54). Друкуецца з 1949. Паэзія вызначаецца незалежнасцю пазіцыі, вострай пастаноўкай складаных маральных і сац. пытанняў, праблем грамадзянскасці, міжнар. палітыкі, гуманіст. і антываен. пафасам (зб-кі «Разведчыкі будучага», 1952, «Шаша энтузіястаў», 1956, «Яблык», 1960, «Інтымная лірыка», 1973, «Зварка выбухам», 1980, «Грамадзяне, паслухайце мяне...», 1989, і інш., паэмы «Брацкая ГЭС», 1965, «Мама і нейтронная бомба», 1982, за апошнюю Дзярж. прэмія СССР 1984). Выступае як празаік, публіцыст і крытык (зб-кі артыкулаў «Талент ёсць цуд невыпадковы», 1980, «Пункт апоры», 1981, раманы «Ягадныя мясціны», 1982, «Не памірай пасля смерці», 1993). Паставіў фільмы «Дзіцячы сад» (1984), «Пахаванне Сталіна» (1991), здымаўся ў іх. На бел. мову творы Е. перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, А.Вярцінскі, В.Макарэвіч, У.Нядзведскі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Нет лет. СПб., 1993;

Мое самое-самое. М., 1995.

Я.А.Еўтушэнка.

т. 6, с. 405