ЕЎРОПАЦЭНТРЫ́ЗМ,

прынцып і пазіцыя, паводле якіх падзеі ў свеце разглядаюцца і ацэньваюцца з еўрап. пункту гледжання. Мае месца ў філасофіі гісторыі і культуры, тэорыі развіцця грамадства, паліталогіі і інш. грамадскіх навуках, а таксама ў палітыцы. Характэрная рыса Е. — абсалютызацыя еўрап. вопыту развіцця як узораў для нееўрап. народаў. Рысы Е. заўважаюцца ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Платон, напр., лічыў грэч. поліс (горад-дзяржава) ідэальнай формай дзярж. ўладкавання. У сярэдневякоўі на Е. абапіралася ідэалогія каталіцызму, якая абвяшчала Ватыкан духоўным цэнтрам зямлі і вяла барацьбу супраць інш. рэлігій. У 19 і 20 ст. еўропацэнтрычныя ідэі пэўным чынам паўплывалі на філасофію Г.Гегеля, на тэорыі цывілізацый і культур О.Шпенглера і А.Тойнбі. Элементы Е. ёсць і ў сучасных тэорыях грамадскага развіцця, дзе падкрэсліваецца вядучае значэнне еўрап. вопыту навук.-тэхн., тэхнал. і сац.-культ. прагрэсу.

Літ.:

Семенов Ю.Н. Социальная философия А.Тойнби М., 1980;

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991.

В.І.Боўш.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)