ЕЎРО́ПІЙ (лац. Europium),

Eu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 63, ат. м. 151,96, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​151Eu (47,82%) і ​153Eu (52,18%). У зямной кары 1,3·10​−4% па масе. Адкрыты ў 1901 франц. хімікам Э.Дэмарсэ.

Серабрыста-белы метал, tпл 826 °C, шчыльн. 5245 кг/м³. У паветры хутка акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі), узаемадзейнічае з вадой і мінер. кіслотамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Выкарыстоўваюць як паглынальнік нейтронаў у ядз. тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)