ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Жабрыца аднагадовая.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)