«ЖА́БКА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.
Ю.М.Чурко.
т. 6, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)