СІГНА́ЛЬНЫ ПІСТАЛЕ́Т, ракетніца,
гладкаствольны пісталет, што страляе сігнальнымі і асвятляльнымі патронамі. Прызначаны для апавяшчэння, перадачы каманд, данясенняў, сігналаў бедства, кароткачасовага асвятлення мясцовасці. Патроны С.п. забяспечваюцца «светлавымі зорачкамі» розных колераў (гл. Сігнальныя саставы). Для падачы светлавых і гукавых сігналаў могуць выкарыстоўвацца таксама газавыя пісталеты і рэвальверы. Гл. Самааховы зброя.
В.І.Вараб’ёў.
т. 14, с. 367
СІГНА́Л БЕ́ДСТВА «SOS» на моры, падаецца караблямі (суднамі), гідрасамалётамі, што церпяць бедства, з мэтай прыцягнуць да сябе ўвагу і атрымаць дапамогу. Бесперапынны паўтор сігналаў па азбуцы Морзе (3 кароткія, 3 доўгія, 3 кароткія) пераасэнсаваны ў англ. выраз «Save Our Souls» — ратуйце нашы душы. Устаноўлены згодна з Міжнар. канвенцыяй 1908. Для экстраннай перадачы і прыёму С.б. судны маюць аўтам. радыётэхн. прыстасаванні, якія працуюць на аварыйнай хвалі. Выкарыстоўваць С.б. «SOS» у інш. мэтах забараняецца.
т. 14, с. 366
СІГНА́Л ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ,
наземная частка геадэзічнага знака — вышка. Робіцца ў выглядзе двайной піраміды на пунктах трыянгуляцыі, радзей — паліганаметрыі. Прызначаны для ўстаноўкі геадэз. інструментаў на пунктах дзярж. геадэз. сеткі высокай дакладнасці на вышыні, якая забяспечвае прамую бачнасць на сумежныя знакі. У залежнасці ад класа трыянгуляцыі знакі размяшчаюцца на адлегласці ад 5—10 км да 30—50 км. С.г. падзяляюцца на простыя (выш. 6—15 м) і складаныя (выш. 16—55 м).
т. 14, с. 366
СІГНАТУ́РА (позналац. signatura ад лац. signare абазначаць, указваць),
1) частка рэцэпта з указаннем спосабу прыёму лякарства; таксама копія рэцэпта ўрача, якая прыкладаецца да выдадзенага аптэкай лякарства.
2) Парадкавы нумар кожнага друкаванага аркуша ў кнізе, часопісе, які друкуецца на 1-й і 3-й яго старонках злева ўнізе з мэтай кантролю за правільнасцю фальцоўкі і брашуравання.
т. 14, с. 367
СІГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе канала Вінец, каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г. Бяроза, 100 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 417 ж., 204 двары (2001). Лясніцтва, швейны цэх унітарнага гандл. прадпрыемства «Бярозаўскае». Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Дзевы Марыі (1795).
т. 14, с. 367
СІГУРА́НЦА (Sigurantă),
назва тайнай паліт. паліцыі ў Румыніі ў 1921—44. Засн. з мэтай разгрому рэв. арг-цый і барацьбы з дэмакр. рухам. Падпарадкоўвалася ген. дырэктару мін-ва ўнутр. спраў. Паводле некат. звестак С. арыштавала (з 1924) больш за 75 тыс. чал. Ліквідавана пасля народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944.
т. 14, с. 367
СІ́ГУРДСАН ((Sigurðsson) Іоўн) (17.6.1811, Пафсейры, Ісландыя — 7.12.1879),
дзеяч ісландскага нац.-вызв. руху, гісторык. У 1833—35 вучыўся ў Капенгагенскім ун-це. З 1844 дэп. альцінга, з 1845 яго старшыня. У 1835—55 выступаў за адмену дацкай гандл. манаполіі ў Ісландыі, наданне Ісландыі абласной аўтаноміі, устанаўленне рэальнай уніі з Даніяй на ўзор швед.-нарв. уніі 1814—1905. У 1848—49 прапанаваў тэзіс пра юрыд. права Ісландыі на поўную дзярж. незалежнасць з аддзяленнем ад Даніі. Аўтар ісландскай канстытуцыі ад 5.1.1874, «бацька незалежнасці Ісландыі». Выдаваў (з 1853) крыніцы па стараж. гісторыі Ісландыі.
т. 14, с. 367
СІГ ЛЕДАВІТАМО́РСКІ, сіг сібірскі,
рыба сям. сіговых, гл. Пыж’ян.
т. 14, с. 365
СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.
А.М.Скуратовіч.
т. 14, с. 367
СІ́ДАНС ((Siddons) Сара) (5.7.1755, г. Брэкан, Вялікабрытанія — 8.6.1831),
англійская актрыса; прадстаўніца позняга класіцызму. Сцэн. дзейнасць пачала ў правінцыяльных т-рах. У 1755 у т-ры «Друры-Лейн» (ролі Порцыі і лэдзі Ганны ў п’есах «Венецыянскі купец» і «Рычард ПІ» У.Шэкспіра). У 1776—82 зноў у правінцыяльных т-рах. Роля Ізабелы («Ракавы шлюб» Т.Саутэрна) у т-ры «Друры-Лейн» (1782) прынесла ёй вядомасць як трагічнай актрысы. Выдатная выканаўца жан. вобразаў у п’есах Шэкспіра: лэдзі Макбет («Макбет»), Канстанца («Кароль Джон»), Афелія («Гамлет»), Імагена («Цымбелін»).
Літ.:
История западноевропейского театра. Т. 3. М., 1963.
т. 14, с. 368