Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ,

здольнасць крохкіх матэрыялаў (пераважна вогнетрывалых) без разбурэння процістаяць тэрмічным напружанням. Звычайна ацэньваецца колькасцю цыклаў нагрэву і ахаладжэння, якія вытрымлівае выраб (узор) да з’яўлення расколін або разбурэння. Часам Т. ацэньваецца тэмпературным градыентам, пры якім узнікаюць расколіны.

т. 16, с. 137

ТЭРМАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, тэрмафілы (ад тэрма... + ...філ),

арганізмы, якія прыстасаваны да жыцця ва ўмовах пастаянна высокіх т-р. Тэрмафільныя мікраарганізмы жывуць пры т-рах больш за 45 °C, пашыраны ў гарачых крыніцах, тэрмальных водах, субстратах (вільготныя сена, салома, гной), якія самаразаграваюцца ў выніку жыццядзейнасці тэрмагенных бактэрый. Макс. т-ры росту бактэрый 70—110 °C, мікраскапічных грыбоў і водарасцей 55—60 °C, прасцейшых 45—50 °C. Сярод жывёл да Т.а. належаць мадрэпоравыя каралы, насякомыя арыдных зон (жукі чарнацелкі і інш.), цеплакроўныя жывёлы, якія адрозніваюцца нізкай здольнасцю да тэрмарэгуляцыі пры нізкіх т-рах (трапічныя птушкі, антылопы). Да Т.а. адносяць таксама сапрафітаў і паразітаў, якія жывуць у целе цеплакроўных жывёл пры 35—40 °C, раслін і жывёл тропікаў.

т. 16, с. 137

ТЭРМАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

тэрмафобы (ад тэрма... + грэч. phobos страх), жывыя арганізмы, якія здольны існаваць і размнажацца толькі пры адносна нізкіх т-рах (звычайна не больш за 10 °C). Да Т.а. належыць большасць жыхароў глыбінь акіянаў, мораў, буйных азёраў, вадаёмаў і сушы раёнаў з халодным кліматам (Арктыкі, Антарктыкі, высакагор’яў). Тэрмафобныя мікраарганізмы наз. таксама псіхрафільнымі ці крыяфільнымі, а тэрмафобныя расліны падзяляюць на крыяфіты і псіхрафіты.

т. 16, с. 137

ТЭРМАХІ́МІЯ (ад тэрма... + хімія),

раздзел тэрмадынамікі хімічнай, які вывучае цеплавыя эфекты рэакцый і вызначае іх залежнасць ад розных фіз.-хім. параметраў. У задачу Т. ўваходзяць таксама вымярэнне і разлік цяплот фазавых пераходаў, растварэння, разбаўлення і інш. фіз.-хім. працэсаў, вымярэнне цеплаёмістасці рэчываў. Асн. і найб. дакладны эксперым. метад Т. — каларыметрыя. У Т. выкарыстоўваюць таксама разліковыя метады, якія грунтуюцца на эмпірычна выяўленых тэрмахім. заканамернасцях. Гал. кірункі эксперым. даследаванняў — надзейнае вызначэнне асн. тэрмахім. велічынь, даследаванне новых злучэнняў розных класаў (паўправаднікоў, комплексны-х і элементаарган. злучэнняў, высокатэмпературных звышправаднікоў і інш.), а таксама паверхневых з’яў, радые- і біяхім. працэсаў, свабодных радыкалаў, ператварэння макрамалекул. Даныя Т. выкарыстоўваюць у тэарэт. хіміі і ў практыцы пры праектаванні і ўдасканаленні хім. вытв-сцей.

Т. ўзнікла ў 18 ст. Першыя тэрмахім. вымярэнні ажыццявілі Дж.Блэк, А.Л.Лавуазье, П.С. дэ Лаплас. У 19 ст. значны ўклад у развіццё Т. зрабілі Г.І.Гес, П.Э.Бертло, Х.П.Томсен. Асн. закон Т. — Геса закон, адкрыты ў 1840, дазваляе разлічваць цеплавыя эфекты хім. рэакцый, у прыватнасці, па цяплотах утварэння зыходных рэчываў і прадуктаў. У 20 ст. ўдасканаленне метадаў тэрмахім. вымярэнняў значна павысіла іх дакладнасць; распачата вытв-сць прэцызійнай каларыметрычнай апаратуры. Сучасныя мікракаларыметры маюць высокую адчувальнасць і практычна неабмежаваны час вымярэнняў. Іх выкарыстоўваюць для вызначэння малых цеплавых эфектаў і цяплот павольных хім. рэакцый (напр., гідроліз складаных эфіраў, этэрыфікацыя, цвярдзенне цэменту).

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА,

тэрмаэрс, электрарухальная сіла, якая ўзнікае ў эл. ланцугу з разнародных праваднікоў ці паўправаднікоў, кантакты паміж якімі маюць розную т-ру. Гл. Зеебека з’ява.

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ, Рычардсана эфект,

вылучэнне электронаў нагрэтымі цвёрдымі ці вадкімі целамі (эмітэрамі).

З паверхні цела вылучаюцца толькі тыя электроны, кінетычная энергія якіх дастатковая для пераадолення патэнцыяльнага бар’ера на мяжы цела. Колькасць вылучаных электронаў вызначаецца т-рай эмітэра T і яго работай выхаду WВ. Гал. характарыстыка Т.э. — велічыня шчыльнасці току насычэння j0 пры дадзенай т-ры. Пры адсутнасці знешніх эл. палёў паводле формулы Рычардсана—Дэшмана j0 = A0 ( 1 − r_ ) T2 e −WВ / kT , дзе A0 — пастаянная велічыня (1.204∙10​6 А/м²∙К​−2), k — пастаянная Больцмана, r_ — усярэднены па энергіях каэф. адбіцця электронаў ад паверхні эмітэра ў вакууме. Пры адсутнасці знешняга эл. поля (ці пры малой яго велічыні) электроны, што вылятаюць, утвараюць паблізу паверхні эмітэра адмоўны прасторавы зарад, які абмяжоўвае ток Т.э. З павелічэннем напружанасці знешняга эл. поля прасторавы зарад разыходзіцца і ток дасягае велічыні насычэння; пры далейшым росце напружанасці ток слаба павялічваецца з прычыны Шоткі эфекту.

Пры вял. знешніх эл. палях да току Т.э. дадаецца ток аўтаэлектроннай эмісіі. Т.э. выкарыстоўваецца ў электравакуумных прыладах (катоды) і тэрмаэлектронных генератарах.

Залежнасць шчыльнасці току j тэрмаэлектроннай эмісіі ад напружанасці электрычнага поля V паміж эмітэрам і калектарам дыёда.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ З’ЯВЫ сукупнасць з’яў, звязаных з патокамі носьбітаў зараду, выкліканымі градыентам т-ры, і пераносам цяпла эл. токам. Да Т.з. адносяцца Зеебека з’ява, Пельцье з’ява, Томсана з’ява. Прычына Т.з. — парушэнне цеплавой раўнавагі ў патоку носьбітаў току. На Т.з. заснавана работа тэрмаэл. датчыкаў т-ры, халадзільных установак, тэрмаэл. генератараў, тэрмастатаў, анізатропных тэрмаэлементаў, сістэм ахаладжэння некаторых электронных прылад і інш.

т. 16, с. 138

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, тэрмаэлектрагенератар,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную на аснове Зеебека з’явы\ від крыніцы току. Складаецца з тэрмабатарэй, набраных з паўправадніковых тэрмаэлементаў, злучаных паслядоўна ці паралельна.

Т.г. адрозніваюць паводле тыпу крыніцы цяпла — ізатопныя (найб. пашыраны), сонечныя, на арган. паліве і інш.; паводле дыяпазону рабочых т-р — нізка-, сярэдне- і высокатэмпературныя (дыяпазоны 20—300, 300—600, 600—1000 °C адпаведна). Ккдз лепшых Т.г. — 15—20%. Магутнасць — ад некалькіх мікрават да соцень кілават. Асн. перавагі ў параўнанні з электрамашыннымі пераўтваральнікамі энергіі (напр., з турбагенератарам) — адсутнасць рухомых частак, высокая надзейнасць, вял. тэрмін службы (да 25 гадоў), аўтаномнасць і інш. Выкарыстоўваюцца для электрасілкавання аддаленых і цяжкадаступных спажыўцоў эл. энергіі (аўтам. маякоў, навігацыйных буёў, метэаралаг. станцый, касм. апаратаў і інш.).

т. 16, с. 138

ТЭРМАЭЛЕМЕ́НТ,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную ці электрычнай энергіі ў цеплавую, дзеянне якой грунтуецца на адной з тэрмаэлектрычных з’яў.

Складаецца з 2 разнародных эл. праваднікоў ці паўправаднікоў, злучаных (пайкай або зваркай) у адным месцы. Т., якія пераўтвараюць цеплавую энергію ў электрычную, заснаваны на Зеебека з’яве. Калі кантакты Т. падтрымліваюць пры розных т-рах, то ў ланцугу ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, а пры замыканні ланцуга — эл. ток. Такія Т. найб. пашыраны для вымярэння т-ры (гл. Тэрмапара) і інш. фіз. велічынь, вымярэнне якіх можна звесці да вымярэння т-ры: сілы пераменнага току, патоку праменнай энергіі, вільготнасці, ціску газу, скорасці патоку вадкасці ці газу і інш.; выкарыстоўваюцца таксама для стварэння тэрмаэлектрычных генератараў.

Дзеянне Т., якія пераўтвараюць эл. энергію ў цеплавую, заснавана на Пельцье з’яве. Пры прапусканні эл. току праз Т. на адным з яго кантактаў адбываецца паглынанне, на другім — вылучэнне цяпла. На такіх Т. заснавана работа халадзільнікаў, кандыцыянераў, тэрмастатаў тэрмаэл. тыпу.

т. 16, с. 138