Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРАЗІ́ЙНАЯ ЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ,

уласцівасць матэрыялаў супрацьстаяць карозіі. Ацэньваецца макра- і мікраскапічнымі зменамі паверхні матэрыялу, часам да паяўлення першага каразійнага ачага (або колькасцю такіх ачагоў, якія ўзніклі за пэўны час), памяншэннем таўшчыні матэрыялу або масы з адзінкі паверхні за адзінку часу, зніжэннем фіз.-мех. паказчыкаў і інш. Павышаецца легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў (анадзіраваннем, алітаваннем, нікліраваннем, храміраваннем, эмаліраваннем і інш.), афарбоўкай (лакафарбавымі пакрыццямі). К.ў. уласцівая каразійнаўстойлівым матэрыялам.

А.​І.​Гараст.

т. 8, с. 45

КАРА́ЗІЯ (ад лац. corradere скрэбці, саскрабаць),

механічнае дэнудацыйнае ўздзеянне на горныя пароды абломкавага матэрыялу (галька, валуны, пясок), які рухаецца вадою, лёдам, ветрам ці перамяшчаецца гравітацыйна па схілах. Пры К. абточваюцца, паліруюцца, высвідроўваюцца подсцільныя пароды, у выніку чаго на паверхні парод утвараюцца барозны, лагчыны і інш. паглыбленні.

т. 8, с. 45

КАРАІ́БСКАЕ МО́РА,

тое, што Карыбскае мора.

т. 8, с. 45

КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

КАРАІ́МЫ,

1) паслядоўнікі секты іудаізму (узнікла ў 8 ст.), што жывуць пераважна ў Ізраілі і прызнаюць свяшчэннай кнігай толькі Стары запавет.

2) К. (саманазва карайлар) — народ на Украіне (у асноўным у Крыме) і ў Літве. 2,6 тыс. чал. (1989). Невял. групы жывуць таксама ў Польшчы. Гавораць на караімскай мове.

т. 8, с. 45

КАРАІСКА́КІС ((Karaiskakēs) Георгіяс) (каля 1780, г. Аграфа, Грэцыя — 4.5.1827),

дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. Удзельнік руху клефтаў. У пач. грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 камандаваў атрадам, пасля партыз. атрадам у тыле тур. арміі. У 1826 галоўнакамандуючы войскамі кантынент. Грэцыі, якія ў снеж. 1826 вызвалілі значную ч. Цэнтр. Грэцыі. Забіты ў баі пры вызваленні Акропаля.

т. 8, с. 45

КАРА́ІЧАЎ (Леў Сяргеевіч) (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.​Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).

Г.​Л.​Фатыхава.

т. 8, с. 45

КА́РАЙІ, Каральі (Károlui) Міхай (4.3.1875, Будапешт — 18.3.1955), венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. У 1906—18 дэп. парламента. З кастр. 1918 кіраўнік Нац. савета з прадстаўнікоў розных партый, а пасля перамогі рэвалюцыі ў Венгрыі (31.10.1918) — кіраўнік урада; у студз.сак. 1919 прэзідэнт Венг. рэспублікі. Пасля абвяшчэння Венг. сав. рэспублікі (24.3.1919) эмігрыраваў. За мяжой выступаў супраць дыктатуры М.​Хорці (1920—44), удзельнічаў у антыфаш. і антываен. руху, у т. л. ўзначальваў «Рух за дэмакратычную Венгрыю» ў Вялікабрытаніі (1943). З 1946 зноў на радзіме, у 1947—49 венг. пасланнік у Парыжы. Пратэстуючы супраць паказальнага працэсу Л.Райка і рэпрэсіўнага кіраўніцтва М.Ракашы, выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі.

т. 8, с. 45

КАРА́КА (Пётр Сямёнавіч) (н. 8.1.1940, в. Сведскае Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1990), праф. (1991). Пасля заканчэння БДУ (1968) там працуе. Навук. працы ў галіне філас. пытанняў біялогіі.

Тв.:

Философские аспекты индивидуального развития организма. Мн., 1974;

Революция в современной биологии и ее социальные аспекты. Мн., 1982.

т. 8, с. 45

КАРАКА́Л (Felis caracai),

млекакормячае роду кашэчых. Пашыраны ў пустынях Азіі і Афрыкі. Жыве ў расколінах скал, пячорах, густых зарасніках, норах інш. жывёл. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўжыня цела да 82 см, хваста да 30 см, маса да 13 кг. Знешне падобны на рысь, але цела больш тонкае, зграбнае, на высокіх тонкіх нагах. На канцах вушэй чорныя доўгія кутасікі. Поўсць кароткая, рудавата-пясочная, аднатонная. Нараджае 2—4 кацяняці. Корміцца зайцамі-талаямі, дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі.

Э.​Р.​Самусенка.

Каракал.

т. 8, с. 45