КАРА́ІЧАЎ (Леў Сяргеевіч) (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.​Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).

Г.​Л.​Фатыхава.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)