Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕРКАВІ́ЦА,

вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Сянно—Талачын. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 17 км на Пн ад горада і чыг. ст. Талачын, 89 км ад Віцебска. 624 ж., 226 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 350

СЕРКАВІ́ЦКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1897—1925 ва ўрочышчы Серкавіца Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў паўбелае ліставое шкло і бутэлькі. У 1913 меў 5 паравых рухавікоў, 2 паравыя катлы. У 1910 працавала 297 рабочых, выпушчана 10 тыс. скрынак шкла.

т. 14, с. 351

СЕ́РКАВЫ КО́РАК,

намнажэнне вушной серы ў вонкавым слыхавым праходзе ад гіперсакрэцыі серных залоз. Выклікае зніжэнне слыху, шум у вушах, нават галавакружэнне. Лячэнне: амбулаторнае выдаленне С.к. шляхам прамывання.

т. 14, с. 351

СЕРКЕБА́ЕЎ (Ермек Бекмухамедавіч) (н. 4.7.1926, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),

казахскі спявак (лір. барытон). Нар. арг. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1951). З 1947 саліст Казахскага т-ра оперы і балета. З 1973 выкладае ў Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1982 праф.). Дэбютаваў у партыі Абая («Абай» А.​Жубанава і Л.​Хамідзі). Сярод інш. партый: Капан («Ер Таргын» Я.​Брусілоўскага), Кажагул («Біржан і Сара» М.​Тулебаева), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. Выступае як камерны і эстрадны спявак. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Казахстана 1972. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Е.Б.Серкебаеў.

т. 14, с. 351

СЕ́РКЕТ, Селкет,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі багіня-апякунка мёртвых, дачка Ра, якая дапамагала яму знішчаць ворагаў. Свяшчэнная жывёла С. — скарпіён. Выявы С. ў выглядзе жанчыны са скарпіёнам на галаве часта змяшчалі на саркафагах.

Серкет. Статуэтка з грабніцы фараона Тутанхамона. Каля 1350 да н.э.

т. 14, с. 351

СЕ́РЛІО ((Serlio) Себасцьяна) (6.9.1475, г. Балоння, Італія — 1554),

італьянскі тэарэтык архітэктуры. Арх. адукацыю атрымаў у Рыме (1514—27) у Б.​Перуцы. Працаваў у гарадах Пезара, Венецыя, а таксама ў Францыі (з 1541). Пачынаў як майстар перспектыўнага жывапісу. Трактат С., прысвечаны геаметрыі, перспектыве, ант. і тагачасным пабудовам, набыў агульнаеўрап. вядомасць (у 1537—75 друкаваўся асобнымі кнігамі, якія ў венецыянскім выданні 1584 аб’яднаны пад назвай «Архітэктура») і значна паўплываў на развіццё рэнесансавага і раннекласіцыстычнага дойлідства ў Францыі, Нідэрландах і Германіі.

т. 14, с. 351

СЕ́РНА, сарна (Rupicapra rupicapra),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Адзіны від роду; 8—9 падвідаў. Пашыраны ў гарах Еўропы і М. Азіі.

Даўж. цела да 140 см, выш. да 85 см, маса да 50 кг. Маюць кручкападобныя рогі даўж. 7—10 см. Шэрсць зімой доўгая, густая, чорна-бурая; летам кароткая, рыжая. Корміцца горнай травяністай расліннасцю, галінкамі кустоў, дрэў і лішайнікамі. Нараджае 1, зрэдку 2—3 дзіцянят. Аб’ект палявання і развядзення у некат. месцах здабыча забаронена.

Серна: 1 — самец; 2 — самка.

т. 14, с. 351

СЕРНАБЫ́К, сарнабык,

млекакормячая жывёла сям. пустарогіх, гл. Орыкс.

т. 14, с. 351

СЕРНАВА́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,

тое, што тыясерная кіслата.

т. 14, с. 351

СЕ́РНАН ((Cernan) Юджын) (н. 14.3.1934, г. Чыкага, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША (з 1976 у адстаўцы). Магістр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў ун-т Перд’ю (г. Лафеет, штат Індыяна; 1956), ваенна-марскую школу (г. Мантэрэй, штат Каліфорнія; 1961). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 3—6.6.1966 з Т.​Стафардам здзейсніў палёт (з выхадам у адкрыты космас) на касм. караблі (КК) «Джэміні-9» (як 2-і пілот); 18—26.5.1969 з Стафардам і Дж.​Янгам — аблёт Месяца як пілот месяцавай кабіны КК «Апалон-10»; 7—19.12.1972 з Х.​Шмітам і Р.​Эвансам — палёт на Месяц як камандзір КК «Апалон-17» (на Месяцы прабыў 75 гадз, 3 выхады на паверхню Месяца агульнай працягласцю 22,1 гадз). У космасе правёў 23,6 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 24,2 гадз. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі» (2), «За надзвычайныя заслугі». Залаты медаль «Космас» (ФАІ).

Ю.Сернан.

т. 14, с. 351