СЕ́РНАН ((Cernan) Юджын) (н. 14.3.1934, г. Чыкага, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША (з 1976 у адстаўцы). Магістр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў ун-т Перд’ю (г. Лафеет, штат Індыяна; 1956), ваенна-марскую школу (г. Мантэрэй, штат Каліфорнія; 1961). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 3—6.6.1966 з Т.​Стафардам здзейсніў палёт (з выхадам у адкрыты космас) на касм. караблі (КК) «Джэміні-9» (як 2-і пілот); 18—26.5.1969 з Стафардам і Дж.​Янгам — аблёт Месяца як пілот месяцавай кабіны КК «Апалон-10»; 7—19.12.1972 з Х.​Шмітам і Р.​Эвансам — палёт на Месяц як камандзір КК «Апалон-17» (на Месяцы прабыў 75 гадз, 3 выхады на паверхню Месяца агульнай працягласцю 22,1 гадз). У космасе правёў 23,6 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 24,2 гадз. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі» (2), «За надзвычайныя заслугі». Залаты медаль «Космас» (ФАІ).

Ю.Сернан.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)