Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫТ (Krētē),

востраў ва ўсх. ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс. км². Нас. 537 тыс. чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.

Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-ра студз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.

Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл. Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.

М.В.Лаўрыновіч (прырода).

Краявід вострава Крыт.

т. 8, с. 519

КРЫ́ТА-МІКЕ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

тое, што крыцкае пісьмо.

т. 8, с. 520

КРЫ́ТА-МІКЕ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, Эгейская культура,

умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал. даследаванняў англ. археолага А.Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб. стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл. Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямён ахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.

Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дарыйцаў.

Літ.:

Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;

Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;

Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.

М.С.Корзун, К.А.Равяка.

Да арт. Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.
Да арт. Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.
Да арт. Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.

т. 8, с. 520

КРЫ́ТЫКА (ад грэч. kritikē майстэрства разбіраць, судзіць),

1) абмеркаванне, разбор каго-н. ці чаго-н. з мэтай ацаніць вартасць, выявіць і выправіць недахопы. Напр., Літаратурная крытыка, Тэатральная крытыка.

2) Даследаванне, навук. праверка правільнасці, дакладнасці чаго-н. Напр., К. гіст. крыніц.

т. 8, с. 521

КРЫ́ТЫКА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ, крытыцызм,

кірунак у філасофіі і сацыялогіі, прадстаўнікі якога гал. задачай лічаць крытычны аналіз грамадскіх адносін. Некаторыя ідэі К.с. разглядаліся ў рамках эмпірыякрытыцызму (Э.Мах, Р.Авенарыус), крытычнага рэалізму (М.Мандэльбаўм, А.Венцль, К.Котэн), франкфурцкай школы (Т.Адорна, М.Хоркхаймер, Г.Маркузе, Дж.Уоткінс, І.Лакатас, Дж.Агасі, Г.Альберт) і блізкай да яго канцэпцыі П.Феерабенда. Паступова сфарміраваўся адносна самаст. кірунак крытыцызму (Ч.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром, А.Гоўлднер і інш.).

Як філас. кірунак К.с. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ходзе крытыкі неапазітывізму і сфарміравалася ў выніку дыскусій з прадстаўнікамі гіст. кірунку ў філасофіі навукі (М.Полані, Т.Кун, С.Тулмін). Гал. тэарэт. функцыя яе — мэтанакіраваная крытыка асн. тэорый грамадства, перш за ўсё «акадэмічнай» сацыялогіі і сац. інжынерыі, а таксама спроб стварэння сац. навукі («рэфлексіўнай сацыялогіі», «сацыялогіі сацыялогіі» і інш.), у якой сацыёлагу адводзіцца паліт. і сацыяльна актыўная роля, роля суб’екта, які мэтанакіравана ўплывае на развіццё грамадскіх працэсаў. К.с. асаблівае значэнне надае праблемам асобы, адмоўнаму ўплыву на фарміраванне і развіццё розных сац. працэсаў і з’яў (адчужэнне вытворцы ад сродкаў вытв-сці, дэгуманізацыя працы, наркаманія і прастытуцыя, беднасць, сац. няроўнасць, бюракратызацыя сац. ін-таў і г.д.), якія прыводзяць да негатыўных наступстваў. У галіне метадалогіі крытыцызм упэўнены, што не існуе метадаў, якія забяспечваюць строга лагічны прырост навук. ведаў і што неабходна з дапамогай фармальна-лагічных спосабаў выключаць з ужытку ненавук. тэорыі.

І.В.Катляроў.

т. 8, с. 521

КРЫТЫ́ЧНАЕ МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ ў звышправадніках,

значэнне напружанасці магн. поля, пры дасягненні якога магн. поле пранікае ў звышправаднік і выклікае яго пераход у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.

т. 8, с. 521

КРЫТЫ́ЧНАЯ МА́СА,

мінімальная маса ядз. гаручага, здольная забяспечыць ажыццяўленне ланцуговай ядзернай рэакцыі. Залежыць ад памераў і формы сістэмы, а таксама ад яе хім. саставу. Мінімальная К.м. мае сферычную форму. Найменшую К.м. маюць растворы солей чыстых радыеактыўных нуклідаў з вадзяным адбівальнікам нейтронаў. Для урану-235 К.м. роўная 0,8 кг, плутонію-239—0,5 кг, каліфорнію-251—10 г. Гл. таксама Дзяленне ядраў.

т. 8, с. 521

КРЫТЫ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

1) тэмпература рэчыва ў яго крытычным стане. Для індывідуальных рэчываў вызначаецца як т-ра, пры якой знікаюць адрозненні фіз. уласцівасцей вадкасці і яе пары, што знаходзяцца ў стане раўнавагі, напр., шчыльнасці вадкасці і пары становяцца аднолькавымі, знікае мяжа падзелу паміж імі. У двайных сістэмах (напр., сумесь прапан—ізапентан) раўнавага вадкасць—пара мае прасторавую крытычную крывую, крайнімі пунктамі якой з’яўляюцца К.т. чыстых кампанентаў.

2) К.т. раствораўт-ра, пры якой у вадкіх сумесях з абмежавана растваральнымі кампанентамі пачынаецца іх неабмежаваная растваральнасць.

3) Т-ра пераходу шэрагу праваднікоў у звышправодны стан (гл. Звышправоднасць). Вымерана для большасці металаў, сплаваў, хім. злучэнняў. Найб. К.т. выяўлена для сплаваў на аснове ніобію (Тк да 23 К) і для керамікі на аснове ітрыю (Тк да 96 К).

Да арт. Крытычная тэмпература. Крывыя раўнавагі вадкасць—пара і крытычная крывая сістэмы прапан—ізапентан: 1, 2, 3, 4 — крывыя вадкасці (суцэльныя) і пары (пункцір) для сумесі з мольнай доляй ізапентану 0,206, 0,412, 0,607, 0,899 адпаведна.

т. 8, с. 521

КРЫТЫ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ,

спецыфічныя з’явы, што назіраюцца паблізу крытычных пунктаў і пунктаў фазавых пераходаў 2-га роду.

Да К.з. адносяць: рост сціскальнасці рэчыва ў наваколлі крытычнага пункта раўнавагі вадкасць—пара; узрастанне магн. успрыімлівасці і дыэл. пранікальнасці паблізу Кюры пунктаў ферамагнетыкаў і сегнетаэлектрыкаў; анамалія цеплаёмістасці ў пункце пераходу гелію ў звышцякучы стан (гл. Звышцякучасць); запавольванне ўзаемнай дыфузіі расслоеных вадкіх сумесяў; анамаліі распаўсюджвання ультрагуку, рассейванні святла і інш. У больш вузкім сэнсе К.з. наз. з’явы якія вынікаюць з росту флуктуацый шчыльнасці, канцэнтрацыі і інш. фіз. велічынь у наваколлі пунктаў фазавых пераходаў, напр., у крытычным пункце раўнавагі вадкасць—пара шчыльнасць рэчыва значна мяняецца ад аднаго пункта да другога. Памеры такіх флуктуацый параўнальныя з даўжынёй хвалі святла, у выніку чаго рэчыва становіцца непразрыстым і набывае апалавую (малочна-мутную) афарбоўку (крытычная апалесцэнцыя).

П.А.Пупкевіч.

Да арт. Крытычныя з’явы. Дыяграмы накіраванасці рассеяння святла: а — на незалежных флуктуацыях шчыльнасці вадкасці; б — пры крытычнай тэмпературы.

т. 8, с. 522

КРЫТЫ́ЧНЫЯ ПУ́НКТЫ МЕТА́ЛАЎ,

значэнні тэмпературы, пры якіх у металах і іх сплавах адбываюцца змены агрэгатнага стану, паліморфныя (гл. Полімарфізм), магн. і інш. пераўтварэнні, што істотна змяняюць іх уласцівасці. Становішча К.п.м. на дыяграме стану залежыць ад хім. саставу сплаваў, скорасці нагрэву і ахалоджвання і інш. Важныя ў тэрмічнай апрацоўцы металаў, асабліва жал. сплаваў. Адкрыты Дз.К.Чарновым у 1868, што дало пачатак развіццю металазнаўства.

т. 8, с. 523