Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРА́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,

адзін з законаў стэхіяметрыі. калі 2 хім. элементы ўтвараюць паміж сабою некалькі злучэнняў, то масы аднаго элемента, што прыпадаюць на адзінку масы другога, адносяцца як цэлыя (звычайна невялікія) лікі. Напр., у аксідах азоту NO і NO2 на 1 масавую частку (мас. ч.) азоту прыпадае адпаведна 1,14 і 2,28 мас. ч. кіслароду; адносіны паказаных мас. ч. кіслароду роўныя 1:2. К.а.з. строга выконваецца для стабільных газападобных злучэнняў. Адкрыты Дж.Дальтанам у 1803.

т. 8, с. 466

КРА́ТНЫЯ АДЗІ́НКІ,

адзінкі, якія ў цэлы лік разоў большыя за ўстаноўленыя адзінкі фізічных велічынь. У Міжнар. сістэме адзінак (СІ) уведзены прыстаўкі для ўтварэння найменняў К.а. (гл. табл.).

Кратныя адзінкі <TABLE>

Напр., 10​3=1 км (кіламетр), 10​6 Гц = 1 МГц (мегагерц), 10​9эВ = 1 ГэВ (гігаэлектронвольт). Гл. таксама Дольныя адзінкі.

т. 8, с. 466

КРА́ТНЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл ад функцыі, зададзенай у якой-н. вобласці на плоскасці, 3- ці n-мернай прасторы. Адрозніваюць двайныя, трайныя і n-кратныя інтэгралы. Мае шэраг уласцівасцей, аналагічных уласцівасцям простых інтэгралаў (гл. Інтэграл, Інтэгральнае злічэнне). Для вылічэння К.і. яго зводзяць да паўторнага інтэграла (паслядоўна вылічваюць інтэгралы ад кожнай пераменнай, пры гэтым астатнія пераменныя ўмоўна лічацца пастаяннымі); у спец. выпадках карыстаюцца Грына формуламі, Астраградскага формулай, Стокса формулай. Да К.і. зводзяцца задачы вылічэння аб’ёмаў цел, іх масы, моманту інерцыі і інш.

А.А.Гусак.

т. 8, с. 465

КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),

кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.

т. 8, с. 466

КРАТЫ́ (Talpidae),

сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.

Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.

Э.Р.Самусенка.

т. 8, с. 466

КРАТЭ́Р (грэч. kratēr ад kerannymi змешваю),

старажытнагрэчаская керамічная, радзей метал. або мармуровая пасудзіна для змешвання віна з вадой. Меў ёмісты корпус, шырокае горла, 2 ручкі і ножку. Керамічныя К. аздабляліся размалёўкамі, метал. — рэльефамі.

т. 8, с. 466

КРА́ТЭР (ад грэч. kratēr вял. чаша) вулканічны, чаша- ці лейкападобнае паглыбленне на вяршыні ці схіле вулканічнага конуса (гл. Вулкан) дыяметрам ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў і глыб. ад некалькіх да соцень метраў. На яго дне адно або некалькі жаролаў, праз якія на паверхню з магматычнага ачага па вывадным канале паступаюць лава і інш. вулканічныя прадукты. Дно бывае запоўнена лававым возерам або другасным вулканічным конусам.

Кратэр з выявамі кентаўрамахіі і амазонамахіі. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 8, с. 466

КРА́ТЭР МЕТЭАРЫ́ТНЫ,

гл. Астраблема.

т. 8, с. 466

КРАЎЛЯ́НКА,

рака ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 112 км². Пачынаецца на Пн ад в. Крэва, цячэ ў межах А шмянскага ўзв. На працягу каля 5 км каналізаваная.

т. 8, с. 466

КРАЎН-ЭФІ́РЫ,

цыклічныя поліэфіры, у якіх атамы кіслароду злучаны этыленавымі масткамі. Найпрасцейшы К.-э. — 12-краўн-4 ці 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкан, мае 4 атамы кіслароду.

Вязкія вадкасці ці крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Утвараюць устойлівыя комплексы з катыёнамі металаў, пераважна шчолачных і шчолачназямельных. Біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўплываюць на іонную і субстратную пранікальнасць біял. мембран, а таксама на ферментныя сістэмы. Выкарыстоўваюць для канцэнтравання і раздзялення металаў, стварэння іон-селектыўных датчыкаў і мембран, як лек. прэпараты, пестыцыды, антыдоты.

Да арт. Краўн-эфіры. Структурная формула 1,4,7,10-тэтраоксацыклададэкану.

т. 8, с. 466