Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛУТАТЫЁН,

γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын, C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.

т. 5, с. 303

ГЛУТЭЛІ́НЫ

(ад лац. gluten клей),

простыя бялкі насення злакаў і зялёных частак раслін. Раствараюцца ў разбаўленых к-тах і шчолачах, не раствараюцца ў нейтральных растваральніках. З’яўляюцца запаснымі бялкамі, якія разам з праламінамі назапашваюцца ў эндасперме насення. Найб. вывучаны глутэнін пшаніцы і ячменю, арызепін рысу і глутэліны кукурузы. Глутэліны багатыя астаткамі глутамінавай к-ты і лізіну; добра засвойваюцца арганізмам чалавека і жывёл.

т. 5, с. 303

ГЛУХАНЕМАТА́,

адсутнасць ці цяжкае парушэнне слыху і звязаная з гэтым адсутнасць мовы. Прычыны ўзнікнення глуханематы — прыроджаная ці набытая ў раннім дзяцінстве (1—2 гады) глухата. У сучаснай педагогіцы і медыцыне тэрмін глуханемата лічаць устарэлым. Заняткі з выкарыстаннем сурдапед. прыёмаў навучання дазваляюць навучыць глухога гаварыць.

т. 5, с. 304

ГЛУХАТА́,

адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.

Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.

П.А.Цімашэнка.

т. 5, с. 304

ГЛУ́ХАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Сумскай вобл., на р. Эсмань. 35,9 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапр. (вытв-сць агрэгатных вузлоў, сродкаў выліч. тэхнікі, электраапаратуры і інш.), лёгкая, харч. (плодакансервавая, сыраробная, камбікормавая, мясная) прам-сць.

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. дакументах у 1152. З 1708 рэзідэнцыя ўкр. гетманаў, з 1772 — Маларасійскай калегіі. Шматлікія помнікі архітэктуры 17—19 ст., у т. л. Гамалееўскі манастыр (засн. ў 1702), цэрквы Мікалаеўская (канец 17 ст.), Праабражэнская (1765) і інш.

т. 5, с. 304

ГЛУХА́Я КРАПІВА́,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Яснотка.

т. 5, с. 304

ГЛУ́ХІ,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза, каля аўтадарогі Магілёў—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнЗ ад Быхава, 40 км ад Магілёва. 443 ж., 214 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 304

ГЛУ́ША,

рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс. ж. (1997).

Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.

Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.

т. 5, с. 304

ГЛУ́ШАК Тамара Сцяпанаўна

(н. 3.1.1927, г. Луганск, Украіна),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла 1-ы Маскоўскі пед. ін-т замежных моў (1954). З 1961 у Арэнбургскім пед. ін-це, з 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1965—77 заг. кафедры). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі германскіх моў, распрацоўвае праблемы функцыянальнага плана ням. і часткова англ. моў. Аўтар працы: «Функцыянальная стылістыка нямецкай мовы» (1981), а таксама арт. «Стан і асноўныя напрамкі лінгвастылістычнай праблематыкі ў мовазнаўстве Беларусі» (1979), «Моўная намінацыя і грамадска-культурны працэс» (1991) і інш.

т. 5, с. 304

ГЛУШАКО́Ў Валерый Ігнатавіч

(н. 1.9.1926, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). У 1954—56 саліст Бел. філармоніі, у 1956—78 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гібкім голасам цёплага тэмбру, майстэрствам стварэння псіхалагічна выразных вобразаў, асабліва лірычнага плана. Сярод роляў у нац. операх: Андрэй, Супонька, Пётр («Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера» Ю.Семянякі), Уронак («Яснае світанне» А.Туранкова), Марцін («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага); у класічных — Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Звездачот, Індыйскі госць («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), дэ Грые, Вертэр («Манон», «Вертэр» Ж.Маснэ), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні).

Літ.:

Загародні Г. Валерый Глушакоў // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

А.Я.Ракава.

т. 5, с. 304