Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),

украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і «Вій» В.Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.

Л.А.Сівалобчык.

Я.М.Лысік.
Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.Пятрова.

т. 9, с. 385

ЛЫ́СІКАЎ (Барыс Рыгоравіч) (й. 5.9.1932, г. Істра Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1985). Скончыў Балтыйскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча (1954) і Усесаюзны завочны энергет. ін-т (1962). З 1969 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1975 у НДІ ЭВМ, з 1995 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па выліч. тэхніцы, лагічным праектаванні звышвял. інтэгральных схем і мікрапрацэсараў. Распрацаваў асновы тэорыі лагічнага праектавання складаных лічбавых прылад.

Тв.:

Арифметические и логические основы цифровых автоматов. 2 изд. Мн., 1980.

М.П.Савік.

т. 9, с. 385

ЛЫ́СКАВА,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсикай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 65 км на ПнУ ад г. Пружаны, 150 км ад Брэста, 40 км ад чыг. ст. Ваўкавыск. 459 ж., 200 двароў (1999).

Вядома з канца 15 ст. як дзярж. ўладанне. У 15—17 ст. у Л. існаваў Лыскаўскі замак. З 17 ст. ўладанне роду Быхаўцаў. У 18 ст. заснаваны Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—868 ж., 110 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ружанскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Л. больш за 500 чал., у 1944 спалілі палову вёскі. З 1962 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на. У 1972—611 ж., 201 двор.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла польскага паэта Ф.Карпінскага (1741—1825). Помнікі архітэктуры: Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў, царква Раства Багародзіцы (1933). За 500 м ад вёскі рэшткі Лыскаўскага замка.

т. 9, с. 385

ЛЫ́СКАЎСКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 15—17 ст. каля в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на беразе рэчкі. Па перыметры квадратнага ў плане (68 × 68 м) замчышча насыпныя валы. За імі з 3 і Пд быў вадзяны роў і яшчэ адзін меншы вал (шыр. ў аснове 4 м). На вуглах замчышча стаялі драўляныя вежы (дыяметр 8 м, не зберагліся). 3 Пн і У замак акружалі балоты, з Пд і 3 на адлегласці 90 м — дугападобныя вал і роў. Зберагліся зах. вал (шыр. ў аснове 10 м, у сярэдзіне ўезд у замак) і часткова паўднёвы.

т. 9, с. 385

ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.

Т.В.Габрусь.

Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.

т. 9, с. 385

ЛЫСО́Ў (Віктар Пятровіч) (н. 10.8.1932, г.п. Кемля, Мардовія),

бел. вучоны ў галіне буд-ва. Д-р тэхн. н. (1985), праф. (1987). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1958). З 1978 у БПА. Навук. працы па арганізацыі, кіраванні, інфарматыцы і тэхналогіі буд-ва.

Тв.:

Эффективность бетонных работ в строительстве. Мн., 1982;

Полимерный провод в греющих полах и устройствах. Мн., 1999.

т. 9, с. 386

ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.

Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.

Лысуха.

т. 9, с. 386

«ЛЫ́СЫ»,

«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».

т. 9, с. 386

Лысюк Лідзія Глебаўна

т. 18, кн. 1, с. 422

ЛЫСЯ́ТАЎ (Юрый Васілевіч) (1.2.1929, г. Калуга, Расія —24.8.1997),

бел. кінарэжысёр дакументальнага кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1961). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры Л. ўласцівы лірычная танальнасць, імкненне да натуральнасці, выкарыстанне шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў. Жыццё Беларусі, праблемы сучаснай вёскі ў фільмах «Мы з Беларусі» (1974), «Зямля мая — лёс мой» (1978; з Р.Ясінскім), «Бацькоўскае поле» (1979), «Асабісты гектар» (1982), «Круглы год» (1984). Паставіў таксама фільмы: «Паляванне са старым сабакам» (1968), «Лілія — дачка Геаргіцы» (1971), «Мужчынскія галасы» (1973), «Іван Мележ» (1977), «Лятаючы Якаў» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.І.Сяўковіч.

т. 9, с. 386