Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КНІДА́РЫІ,

тып кішачнаполасцевых жывёл, гл. ў арт. Жыгучыя.

т. 8, с. 362

КНІДАСПАРЫ́ДЫІ (Cnidosporidia),

група прасцейшых, якую раней выдзялялі ў асобны тып (або клас); па сучаснай сістэматыцы прасцейшых тое, што міксаспарыдыі.

т. 8, с. 362

КНІДАЦЫ́ТЫ,

гл. ў арг. Жыгучыя клеткі.

т. 8, с. 362

КНІ́ЖКА ў анатоміі,

трэці аддзел шматкамернага страўніка жвачных жывёл (адсутнічае ў аляньковых і вярблюдаў). Злучае сетку з сычугом. Унутры К. слізістая абалонка ўтварае падоўжаныя рухомыя складкі — лісточкі, падобныя да лістоў кнігі (адсюль назва). У К. корм, паўторна праглынуты пасля жвачкі, канчаткова пераціраецца паміж лісточкамі, ператвараецца ў кашку і паступае ў сычуг.

т. 8, с. 362

КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,

раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн. ч. мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).

Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.​Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст. англ. мастак У.​Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.​Матыса, Г.​Апалінэра, П.​Пікасо, У.​Фаворскага, Н.​Ганчаровай, І.​Білібіна, Ю.​Аненкава і інш.).

На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.​Макоўскага, Л.​Тарасевіча, М. і В.​Вашчанкаў і інш.), у 19 ст.літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.​Э.​Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.​Філіповіч, Ф.​Рушчыц. Я.​Драздовіч, Л.​Лісіцкі, А.​Ахола-Вало, В.​Дваракоўскі, П.​Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Б.​Заборава, Г. і Н.​Паплаўскіх, В.​Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г. бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.​Селешчука, В.​Славука, У.​Савіча, М.​Казлова, А. і В.​Александровічаў, В.​Кліменкі, Т.​Беразенскай і інш. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;

Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Кніжная графіка. М.​Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.
Да арт. Кніжная графіка. У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.​Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.
Да арт. Кніжная графіка. А.​Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.
Да арт. Кніжная графіка. П.​Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.
Да арт. Кніжная графіка. Ю.​Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.​Блока «Дванаццаць». 1918.

т. 8, с. 362

Кніжнікаў Валерый Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 408

КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,

функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл. Мастацкі стыль).

Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.

Літ.:

Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 363

КНІ́ЖНЫ ЗНАК,

гл. Экслібрыс.

т. 8, с. 363

КНІ́ПЕР-ЧЭ́ХАВА (Вольга Леанардаўна) (21.9.1868, г. Глазаў, Удмурція — 22.3.1959),

расійская актрыса. Жонка А.П.Чэхава. Нар. арт. СССР (1937). Скончыла муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1898 у трупе Маскоўскага маст. т-ра. Валодала высокай артыстычнай культурай, сцэн. абаяннем. Першая выканаўца роляў у п’есах Чэхава; Аркадзіна, Алена Андрэеўна, Маша, Ранеўская, Сара («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Іванаў»). Душэўнасцю прасякнуты ролі Алены («Мяшчане» М.​Горкага), Ганны Маар («Адзінокія» Г.​Гаўптмана). Сярод інш. роляў: Ганна Апдрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Беліна («Уяўны хворы» Мальера), Наталля Пятроўна («Месяц на вёсцы» І.​Тургенева). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 363

КНІПО́ВІЧ (Мікалай Міхайлавіч) (6.4.1862, г. Суаменліна, Фінляндыя — 23.2.1939),

расійскі заолаг, гідрабіёлаг; кіраўнік рус. школы іхтыёлагаў. Ганаровы чл. АН СССР (1935, чл.-кар. 1927). У 1911—30 у Ленінградскім мед. ін-це. Арганізатар і кіраўнік шэрагу навукова-прамысл. экспедыцый (1898—1932) па даследаванні Паўн. Ледавітага ак., Каспійскага, Чорнага, Азоўскага, Балтыйскага мораў. Навук. працы па гідралогіі і промысле ў Паўн. Ледавітым ак., Баранцавым, Каспійскім, Азоўскім і Чорным морах, гідралогіі і заалогіі марскіх беспазваночных, геал. мінулым паўн. мораў.

т. 8, с. 363