Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЕЛЯНКО́Ў Анатоль Ізотавіч

(н. 24.1.1947, в. Крупец Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1986), праф. (1987). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў у АН Беларусі. З 1975 у БДУ (у 1962—66 прарэктар, з 1987 — заг. кафедры філасофіі і метадалогіі навукі). Даследуе праблемы філасофіі, сац. экалогіі, метадалогіі навукі. У 1993 рашэннем міжнар. біягр. цэнтра пры Кембрыджскім ун-це удастоены Ганаровай узнагароды XX стагоддзя ў галіне філасофіі і метадалогіі навукі.

Тв.:

Принцип отрицания в философии и науке. Мн., 1981;

Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987 (разам з П.А.Вадап’янавым);

Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 7, с. 53

ЗЕЛЯНСКО́Е ВО́ЗЕРА, Бабінавіцкае возера,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса (выцякае з возера), за 25 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 1,2 км2, даўж. 2,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі каля 6,2 км. Пл. вадазбору 346 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, участкамі пад лесам і хмызняком. Берагі высокія, часткова супадаюць са схіламі. Упадаюць р. Вярхіта і 2 ракі з аднолькавай назвай Узменка (на Пн і Пд).

т. 7, с. 53

т. 7, с. 53

ЗЕЛЯНУ́ШКА

[Symphodus (Crenilabrus) tinca],

рыба сям. губанавых атр. акунепадобных. Пашырана ў морах паўд. і зах. ўзбярэжжаў Еўропы. Жыве ў прыбярэжнай зоне, сярод скал і водарасцей.

Зелянушка: 1 — самец; 2 — самка.

Даўж. цела 10—15 см (зрэдку да 30 см), маса да 290 г. Афарбоўка яркая, асн. колер зялёны або зеленаваты (адсюль назва). На целе і плаўніках шматлікія чырв. і блакітныя з розным адценнем плямы і палосы. Зрэдку самцы будуюць гнёзды. Корміцца двухстворкавымі малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Аб’ект аматарскага лову.

т. 7, с. 53

ЗЕЛЯНУ́ШКА звычайная

(Chloris chloris),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, на Пн Ірана і ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў драбналессі, на ўзлесках мяшаных лясоў, у садах, парках і інш. На Беларусі звычайны пералётны і асела-вандроўны віды.

Даўж. цела 8—10 см, маса 25—30 г. Апярэнне самца зеленавата-шэрае, больш яркае на брушку, верх галавы шэры. На баках хваста і крылах жоўтыя плямы. Самка зверху шэра-зялёная, знізу брудна-белая. Маладыя афарбаваны, як самка, на грудзях маюць падоўжаныя бурыя стракаціны. Гнёзды будуе на дрэвах і кустах. Корміцца насякомымі, насеннем раслін, ягадамі. Зімуе ў паўд. ч. гнездавога арэала.

Зелянушка: 1 — самец, 2 — самка, 3 — птушаня.

т. 7, с. 53