Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЖА́БКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.

Ю.М.Чурко.

т. 6, с. 410

ЖА́БНІК (Hydrocharis),

род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 2 вілы, пашыраныя ў Еўразіі. На Беларусі — Ж. звычайны, або жабіны (H. morsus-ranae). Нар. назва парэз. Расце ў азёрах, сажалках, старыцах. Разводзіцца ў акварыумах.

Шматгадовая расліна выш. 15—30 см, з белаватымі каранямі, укрытымі карычневымі валаскамі, свабодна плавае на паверхні вады. Сцябло з доўгімі міжвузеллямі. Лісце круглаватае з выразкай каля асновы, на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі белыя, з жоўтымі плямамі каля асновы пялёсткаў. на доўгіх кветаносах, песцікавыя адзіночныя, тычынкавыя па 2—4 у суквеццях. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод ягадападобны. Размнажаецца пераважна вегетатыўна. Зімуе ў выглядзе асобных пупышак, якія ўвосень апускаюцца на дно, а вясною ўсплываюць на паверхню вады. Лек. (супрацьзапаленчы, заспакаяльны, вяжучы сродак) расліна.

Жабнік звычайны.

т. 6, с. 410

ЖАБРО́ЎСКІ (Канстанцін Адамавіч) (псеўд. Костка, Навіцкі; 1838, Аўгустоўская губ. —6.7.1863),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Арлоўскі кадэцкі корпус і Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Пецярбург). З 1861 вучыўся ў Артыл. акадэміі ў Пецярбургу, уваходзіў у ваен. рэв. арг-цыю. 16.4.1863 уцёк на Магілёўшчыну, прызначаны паўстанцкім ваен. начальнікам Сенненскага пав. З групай каля 100 валанцёраў перайшоў у Барысаўскі пав., дзе злучыліся некалькі паўстанцкіх груп. 19.5.1863 аб’яднаны атрад разбіты ўрадавымі войскамі каля в. Падбярэззе. Ж. схоплены і паводле прысуду расстраляны ў Барысаве.

Г.В.Кісялёў.

т. 6, с. 410

ЖАБРО́ЎСКІ (Тамаш) (25.11.1714, каля г. Навагрудак — 18.3.1758),

бел. архітэктар, матэматык. Прадстаўнік стылю барока. Вывучаў філасофію ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1735—38), матэматыку, фізіку, астраномію і архітэктуру ў Вене і Празе. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—58) і Полацкім калегіуме. Асн. пабудовы, езуіцкі касцёл у Бабруйску (1745—46), касцёл св. Ігнацыя і калегіум (1748—50), абсерваторыя езуіцкага калегіума (1752—53), перабудова касцёла св. Яна (1756—58) — усе ў Вільні, інтэр’ер кальвінскага збору ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на (1757—66). Аўтар праекта касцёла бенедыкцінак у в. Крож (Літва). Кіраваў буд-вам Полацкага езуіцкага кляштара, праектаваў (каля 1750) палац Агінскага ў маёнтку Ганута Ашмянскага пав. (цяпер в. Ручыца Вілейскага р-на).

т. 6, с. 410

ЖА́БРЫ,

гл. Шчэлепы.

т. 6, с. 411

ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Жабрыца аднагадовая.

т. 6, с. 411

ЖАБРЭ́Й,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Зябер.

т. 6, с. 411

ЖА́БЧЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР. Утворана 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Жабчыцы. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 30.5.1955 цэнтр раёна перанесены ў в. Малоткавічы. 14.10.1957 Ж.р. скасаваны, 2 сельсаветы перададзены Іванаўскаму, 1 — Лагішынскаму, 6 — Пінскаму р-нам.

т. 6, с. 411

ЖА́БЫ сапраўдныя

(Ranidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.

Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 6, с. 411

ЖАБЯНЦЯ́ЕЎ (Аляксандр Ільіч) (н. 6.8.1944. в. Мядзвёдка Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне аналітычнай і таксікалагічнай хіміі. Д-р фармацэўтычных навук (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1966). З 1978 працуе ў ім. Навук. працы па распрацоўцы новых спосабаў кантролю за якасцю лекавых сродкаў.

Тв.:

Фотометрия азотсодержащих лекарственных веществ с применением кислотных красителей (разам з А.П.Арзамасцавым) // Фармация. 1993. № 5;

Химико-аналитические свойства флуоресцирующих ассоциатов этония с галогенопроизводными флуоресцеина (разам з А.К.Жарнасекам) // Весці АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1996. № 2.

т. 6, с. 411