Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАДА́ННЯ МЫС,

мыс на ПнУ Паўночнага в-ва Новай Зямлі (76°57 паўн. ш., 68°35 усх. д.). Абрывісты, скалісты ўцёс (выш. каля 30 м), які ўдаецца ў мора ў выглядзе паўвострава. У раёне мыса палярная станцыя (з 1931). Названы ў 1596 В.Барэнцам.

т. 6, с. 412

ЖАДУ́НЬ, Жадунька,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 488 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПдУ ад в. Жадунька Клімавіцкага р-на.

Цячэ па зах. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Асн. прытокі — Крупня і Крупнянка (злева). Даліна невыразная, пойма месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 25 км. На рацэ г. Касцюковічы.

т. 6, с. 412

ЖАДУ́НЬ,

рака ў Бранскай вобл. Расіі і Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл. Беларусі, левы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 23 км, у межах Беларусі 12 км. Пл. вадазбору 148 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Семірычы Бранскай вобл. На рацэ плаціна і сажалка.

т. 6, с. 412

ЖАДУ́НЬ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 32 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,43 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі 3,1 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—16 м, пераважна разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 100 м. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Братаўна; на У злучана пратокай з воз. Ухвішча.

т. 6, с. 412

ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.

Жадэіт.

т. 6, с. 412