Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖЫ́НА Мухамед Алі

(25.12.1876, г. Карачы, Пакістан — 11.9.1948),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі і Пакістана. У 1892—96 вучыўся ў Англіі. Адвакат. Чл. Індыйскага нацыянальнага кангрэса (з 1906) і Мусульманскай лігі (у 1913, 1916, 1920 і з 1934 яе лідэр). З 1940 ініцыятар і кіраўнік руху за стварэнне ў мусульманскай частцы Індыі асобнай дзяржавы Пакістан. У 1947—48 1-ы ген.-губернатар Пакістана. Ушаноўваецца ў гэтай дзяржаве як яе стваральнік.

т. 6, с. 96

ДЖЫНС (Jeans) Джэймс Хопвуд

(11.9.1877, Лондан — 16.9.1946),

англійскі фізік і астрафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1906). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900), дзе і працаваў у 1901—04 і 1910—12. У 1905—09 у Прынстанскім ун-це, у 1923—44 у абсерваторыі Маўнт-Вілсан (ЗША). Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, тэорыі цеплавога выпрамянення, будове і эвалюцыі зорак, зорных сістэм і туманнасцей. Незалежна ад Дж.Рэлея вывеў формулу размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абсалютна чорнага цела (гл. Рэлея—Джынса закон выпрамянення). Аўтар адной з касмаганічных гіпотэз. Каралеўскі медаль (1919).

Тв.:

Рус. пер. — Вселенная вокруг нас. М.; Л., 1932;

Движение миров. М., 1933.

Дж.Джынс.

т. 6, с. 96

«ДЖЫП»

(Jeep),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў павышанай праходнасці рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1963. Прататып — армейскія аўтамабілі «Віліс» і «Форд», якія выпускаліся ў гады 2-й сусв. вайны. Мадэлі поўна- або заднепрывадныя (з магчымасцю далучэння пярэдняга прывода); магутнасць рухавіка да 89—162 кВт, найб. скорасць да 180 км/гадз, аб’ём грузавога адсека 0,35—2,2 м3.

Да арт. «Джып». Грузапасажырскі аўтамабіль «Джып-Чэрокі».

т. 6, с. 96

ДЖЫ́У-ДЖЫ́ЦУ

(ад яп. дзю мяккасць + дзюцу мастацтва, умельства),

японская сістэма самаабароны і нападзення без зброі. Асн. прыёмы: удары ў найб. слабыя часткі чалавечага цела (сонечнае спляценне, сонная артэрыя, печань і інш.), выкручванні і перагінанні суставаў рук і ног у спалучэнні з рознымі кідкамі і задушлівымі захватамі.

Вытокі Дж.-дж. ў нар. прыёмах самаабароны без зброі, вядомых у Японіі са старажытнасці. Сфарміравалася да 13—14 ст., у 14—19 ст. вельмі пашырылася ў Японіі як сістэма фіз. і баявой падрыхтоўкі самураяў. У канцы 19 ст. шляхам адбору і мадэрнізацыі элементаў Дж.-дж. створана барацьба дзюдо.

т. 6, с. 96

ДЖЫХА́Д

(араб. літар. намаганне),

адно з асн. паняццяў у ісламе і адзін з гал. рэліг. абавязкаў мусульман-мужчын. У сярэдневякоўі азначала ўзбр. змаганне з нявернымі (немусульманамі) у імя пашырэння (захавання) мусульм. ўплыву ў свеце («свяшчэнная вайна», або газават ці фатх). Пазней Дж. стаў разглядацца як духоўнае ўдасканаленне ісламскіх вернікаў праз іх пэўныя намаганні (пераадоленне чалавечых слабасцей і шкодных звычак, пакаранне злачынцаў і парушальнікаў маральных нормаў). У гісторыі мусульм. краін ідэя Дж. выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэліг. пачуццяў вернікаў (нярэдка ў форме фанатызму) і згуртавання насельніцтва ў час унутр. і знешніх войнаў, у т.л. нац,вызв. паўстанняў. Часам лозунгам Дж. імкнуцца абгрунтаваць свае дзеянні тэрарысты-мусульмане.

У.С.Кошалеў.

т. 6, с. 96