ГЛЫБІ́ННЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
абвальныя пароды, плутанічныя пароды, горныя пароды, якія ўтварыліся на вял. глыбінях; гл. Магматычныя горныя пароды.
т. 5, с. 307
ГЛЫБІ́ННЫ РАЗЛО́М,
разнавіднасць разрыўнога парушэння зямной кары. Уяўляе сабой працяглую на сотні і тысячы кіламетраў адносна вузкую (ад некалькіх сотняў метраў да дзесяткаў кіламетраў) і глыбокую зону рухомага сучлянення буйных блокаў, якое пранікае ў падысподнюю частку верхняй мантыі Зямлі.
Паводле сейсмічных паказчыкаў адрозніваюць разломы: звышглыбінныя (да 400—700 км), глыбокія (да 100—300 км) і ўласна зямной кары. Працягласць іх развіцця розная — да сотняў мільёнаў і больш за мільярд гадоў. Глыбінныя разломы адметныя радамі разнастайных расколін, зон крышэння, рассланцавання і дробнай прыразломнай складкавасцю. Маюць верт., гарыз. і нахіленыя асновы. Глыбінныя разломы падзяляюць зямную кару на асобныя буйныя блокі або глыбы, часта з’яўляюцца граніцамі асноўных тэктанічных элементаў літасферы. З глыбіннымі разломамі звязаны моцныя землетрасенні, павялічаныя цеплавыя патокі з зямных нетраў. Яны з’яўляюцца шляхамі пранікнення ў зямную кару магматычных руданосных і гідратэрмальных раствораў.
На Беларусі найб. выразныя глыбінныя разломы: Полацкі, Выжаўска-Мінскі, Стахоўска-Магілёўскі, Крычаўскі, Чачэрскі. Яны маюць вялікую працягласць і глыбіню, выцягнуты з ПдЗ на ПнУ, паралельныя адзін аднаму. Паміж імі размешчаны менш магутныя разломы зямной кары. У выніку тэр. разбіта на магутныя блокі, дзе верт. перамяшчэнне ўнутранай паверхні рухома-хвалевае. Характар паверхневых верт. зрухаў зямной паверхні вывучаецца з дапамогай геадэзічных назіранняў на геадынамічным палігоне. А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 307
ГЛЫБІНЯМЕ́Р,
прылада для вымярэння глыбіні адтулін, пазоў, вышыні ўступаў і інш. у дэталях машын. Падзяляюцца на штангенглыбінямеры (мяжа вымярэння да 500, памер адліку 0,05 і 0,1 мм), мікраметрычныя (мяжа вымярэння да 150, цана дзялення 0,01 мм; гл. таксама Мікрометр) і індыкатарныя (адпаведна да 100 і 0,01 мм).
т. 5, с. 307
ГЛЫБО́КАЕ,
горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс. ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс. ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял. Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс. ж. у 1959, 11,9 тыс. ж. у 1970.
Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
т. 5, с. 307
ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз. Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.
т. 5, с. 308
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 22 км на У ад г. Талачын. Пл. 0,44 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 6,1 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, разараныя. Берагі на З і ПнЗ забалочаныя, пад хмызняком.
т. 5, с. 307
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 47 км на ПнУ ад г. Полацк, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Пл. 0,42 км², даўж. 1,11 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 1,94 км². Схілы катлавіны выш. 15 — 17 м, на Пн да 2 м, пад хваёвым лесам. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пн тарфяныя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, з глыб. 5,5 м сапрапелістае. Расце палушнік азёрны — рэдкі ахоўны від раслін, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
т. 5, с. 307
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 7 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,37 км², даўж. 1,34 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 8,6 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 2,3 км². Схілы катлавіны выш. 6—15 м, на Пд да 5 м, разараныя, на ПнУ пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПнУ і ПдЗ сплавінныя. Дно каля берагоў стромкае, пясчанае, глыбей за 2 м сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у р. Ушача.
т. 5, с. 307
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (правы прыток р. Дрыса), за 28 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,34 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 13,3 км². Схілы катлавіны стромкія, выш. 15 м, на ПнЗ да 25 м. Праз возера цячэ р. Нячэрская (левы прыток р. Свольна).
т. 5, с. 307
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Храпаўлянка, за 6 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,21 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі каля 2,2 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Схілы катлавіны выш. 7 м, пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Злучана ручаём з Пярвішчанскім возерам.
т. 5, с. 307