ГЛУТАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
α-амінаглутаравая кіслата, HOOCCH2CH2CHNH2COOH; важнейшая заменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў практычна ўсіх прыродных бялкоў і інш. біялагічна актыўных рэчываў (глутатыёну, фоліевай к-ты, фасфатыдаў). У свабодным стане ёсць ва ўсіх тканках жывых арганізмаў, займае ключавое становішча ў азоцістым абмене. Сукупнасць абарачальных ферментатыўных рэакцый пераносу амінагруп у жывых арганізмаў (пераамінаванне) адбываецца ў сістэме глутамінавай кіслаты — глутамін-α-кетаглутаравая к-та. Біясінтэз глутамінавай кіслаты — галоўны шлях асіміляцыі аміяку ў многіх арганізмаў. Глутамінавая кіслата ўдзельнічае ў біясінтэзе многіх заменных амінакіслот, пурынаў; у клетках ц. н. с. пераносіць іоны калію K+ і абясшкоджвае аміяк, выконвае функцыю медыятара. Выкарыстоўваецца як смакавая дабаўка да харч. прадуктаў і як лекавы сродак.
т. 5, с. 303
ГЛУТА́РАВАЯ КІСЛАТА́,
прапан-1, 3-дыкарбонавая кіслата, HOOC—(CH2)3—COOH, крышталічная двухасноўная к-та. Т-ра плаўлення 97,5°C, добра растваральная ў вадзе, спірце, бензоле. Па хім. уласцівасцях аналагічная інш. двухасноўным к-там. Утвараецца пры біял. распадзе лізіну ў печані жывёл і чалавека, ёсць у соку рэпы, буракоў, прамыўных водах сырой авечай шэрсці. Вытворнае глутаравай кіслаты — α-амінаглутаравая к-та (глутамінавая к-та) адыгрывае значную ролю ў азоцістым абмене, ужываецца як лекавы сродак.
т. 5, с. 303
ГЛУТАТЫЁН,
γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын, C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.
т. 5, с. 303
ГЛУТЭЛІ́НЫ
(ад лац. gluten клей),
простыя бялкі насення злакаў і зялёных частак раслін. Раствараюцца ў разбаўленых к-тах і шчолачах, не раствараюцца ў нейтральных растваральніках. З’яўляюцца запаснымі бялкамі, якія разам з праламінамі назапашваюцца ў эндасперме насення. Найб. вывучаны глутэнін пшаніцы і ячменю, арызепін рысу і глутэліны кукурузы. Глутэліны багатыя астаткамі глутамінавай к-ты і лізіну; добра засвойваюцца арганізмам чалавека і жывёл.
т. 5, с. 303
ГЛУХАНЕМАТА́,
адсутнасць ці цяжкае парушэнне слыху і звязаная з гэтым адсутнасць мовы. Прычыны ўзнікнення глуханематы — прыроджаная ці набытая ў раннім дзяцінстве (1—2 гады) глухата. У сучаснай педагогіцы і медыцыне тэрмін глуханемата лічаць устарэлым. Заняткі з выкарыстаннем сурдапед. прыёмаў навучання дазваляюць навучыць глухога гаварыць.
т. 5, с. 304
ГЛУХАТА́,
адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.
Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.
П.А.Цімашэнка.
т. 5, с. 304
ГЛУ́ХАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Сумскай вобл., на р. Эсмань. 35,9 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапр. (вытв-сць агрэгатных вузлоў, сродкаў выліч. тэхнікі, электраапаратуры і інш.), лёгкая, харч. (плодакансервавая, сыраробная, камбікормавая, мясная) прам-сць.
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. дакументах у 1152. З 1708 рэзідэнцыя ўкр. гетманаў, з 1772 — Маларасійскай калегіі. Шматлікія помнікі архітэктуры 17—19 ст., у т. л. Гамалееўскі манастыр (засн. ў 1702), цэрквы Мікалаеўская (канец 17 ст.), Праабражэнская (1765) і інш.
т. 5, с. 304
ГЛУХА́Я КРАПІВА́,
кветкавая расліна, гл. ў арт. Яснотка.
т. 5, с. 304
ГЛУ́ХІ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза, каля аўтадарогі Магілёў—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнЗ ад Быхава, 40 км ад Магілёва. 443 ж., 214 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 5, с. 304
ГЛУ́ША,
рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс. ж. (1997).
Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.
Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.
т. 5, с. 304