Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛУВЕ́Н (Louvain),

французская назва г. Лёвен у Бельгіі.

т. 9, с. 355

ЛУГ,

расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн. га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.

Літ.:

Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;

Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.

У.​П.​Пярэднеў.

Луг. 1 — заліўны; 2 — сухадольны.

т. 9, с. 355

ЛУГАВА́Я СЛАБАДА́,

вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Міханавічы. 1238 ж., 473 двары (1999). Лесапільня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 9, с. 356

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

ЛУГАВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса, на паўд.-зах. ускраіне г. Гарадок. Пл. 0,4 км², даўж. каля 1,2 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 224 км². Схілы катлавіны выш. 10—14 м, месцамі да 20 м, на З і Пд пад хваёвым лесам, на Пн і У задзернаваныя ці разараныя. Берагі ўвільготненыя, часткова на З і Пд зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — ілам. На Пн упадае р. Гаражанка, на З злучана пратокай з Арэхавым возерам.

т. 9, с. 356

ЛУГАВЫ́ ВОЎК,

гл. Каёт.

т. 9, с. 356

ЛУГАВЫ́ ЛЁН,

тое, што зязюлін лён.

т. 9, с. 356

ЛУГАВЫ́ ЧАЙ,

гл. ў арт. Лазаніца.

т. 9, с. 356

ЛУГА́НІС ((Luganis) Грэгары) (н. ў студз. 1960, г. Сан-Дыега, ЗША),

амерыканскі спартсмен (скачкі ў ваду). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1983). Чэмпіён XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) і XXIV (1988, Сеул), сярэбраны прызёр XXIII (1984, г. Лос-Анджэлес, ЗША) Алімп. гульняў. Шасціразовы чэмпіён свету.

т. 9, с. 356

ЛУГА́НСК,

горад на Украіне, цэнтр Луганскай вобл., каля сутокаў рэк Лугань і Альхавая. Узнік у 1795 каля Екацярынаслаўскага (з 1797 Луганскага) чыгуналіцейнага з-да; з 1882 горад, у 1935—58 і 1970—90 наз. Варашылаўград. 480 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр машынабудавання Данбаса (цеплавозы, аўтамабілі, шчолачныя акумулятары); металаапр. (трубы і інш.), лёгкая (тонкасуконны камбінат, трыкат., абутковыя, швейныя прадпрыемствы), дрэваапр., хім.-фармацэўтычная, харчасмакавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Цырк. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст.,

У.​І.​Даля.

т. 9, с. 356