ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.І.Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)