ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,
ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.
т. 4, с. 184
ВІНІЛАЦЭТА́Т,
складаны вінілавы эфір воцатнай кіслаты, CH3 COOCH—CH2 CH3COOCH=CH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 72,7 °C, шчыльн. 934,2 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў спірце і эфіры. Лёгка полімерызуецца (з утварэннем полівінілацэтату) і суполімерызуецца (напр., са стыролам, этыленам, вінілхларыдам). У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем воцатнай кіслаты і ацэтылену ў прысутнасці каталізатараў. Палімеры вінілацэтату выкарыстоўваюцца ў вытв-сці пластмас, лакаў, клею і інш. Аказвае слёзацечнае ўздзеянне, ГДК 10 мг/м³.
т. 4, с. 184
ВІНІЛАЦЭТЫЛЕ́Н,
ненасычаны вуглевадарод, H2C==CH—C≡CH. Бясколерны газ, tкіп 5 °C, шчыльн. 709,5 кг/м³ (0 °C), добра раствараецца ў бензоле і інш. арган, растваральніках. Мае выключную хім. актыўнасць: лёгка акісляецца, здольны да рэакцый далучэння, замяшчэння, полімерызацыі. У прам-сці атрымліваюць дымерызацыяй ацэтылену ў прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці хларапрэну. Раздражняе слізістыя абалонкі, аказвае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 20 мг/м³.
т. 4, с. 184
ВІНІЛХЛАРЫ́Д, хлорысты вініл,
монахлорэтылен, найпрасцейшы хлоралкен, CH2=CHCl. Бясколерны газ з эфірным пахам, tкіп -13,8 °C, шчыльн. 983 кг/м³ (-20 °C), добра раствараецца ў эфіры, хлараформе, дыхлорэтане. Гаручы (т-ра загарання -61°C), сумесь з паветрам (3,6—33% вінілхларыду) выбухованебяспечная. Лёгка далучае галагены, галагенавадароды і інш., полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць гідрахлараваннем ацэтылену ў паравой фазе (каталізатар сулема на вугалі) ці дэгідрахлараваннем дыхлорэтану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці полівінілхларыду і супалімераў з інш. вінільнымі злучэннямі.
т. 4, с. 184
ВІ́НІПЕГ, Уініпег (Winnipeg),
возера на Пд Канады. Размешчана на выш. 217 м. Пл. 24,3 тыс. км². Даўж. 442 км, шыр. каля 100 км, глыб. да 28 м. У Вініпег упадаюць рэкі Саскачэван, Рэд-Рывер, выцякае р. Нельсан. На беразе Вініпега парк Уайтшэл з арніталагічным заказнікам. Суднаходства. Рыбалоўства.
т. 4, с. 184
ВІ́НІПЕГ, Уініпег (Winnipeg),
горад на Пд Канады, на р. Асінібайн пры яе ўпадзенні ў р. Рэд-Рывер. Адм. ц. правінцыі Манітоба. Першае паселішча еўрапейцаў на месцы Вініпега засн. ў 1738; назву атрымаў у 1873. 652,4 тыс. ж. (1993). Важны вузел трансканадскіх чыгунак і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандлёва-размеркавальны цэнтр стэпавых тэрыторый Канады. Рынак збожжа (пераважна пшаніцы) сусв. значэння. Харч. (мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная), швейная, мэблевая, паліграф., хім., электратэхн., нафтаперапр., металаапр., маш.-буд. прам-сць. 2 ун-ты.
т. 4, с. 184
ВІНІПЕГО́СІС
(Winnipegosis),
возера на Пд Канады. Размешчана на выш. 252 м. Пл. 5,4 тыс. км². Даўж. 196 км, шыр. каля 28 км, глыб. да 12 м. Злучаецца рэкамі з азёрамі Вініпег і Манітоба. Рыбалоўства.
т. 4, с. 184
ВІ́НКЕЛЬМАН (Winckelmann) Іаган Іаахім
(19.12.1717, г. Штэндаль, Германія — 8.6.1768),
нямецкі гісторык мастацтва. Прадстаўнік эстэтыкі класіцызму. Па адукацыі багаслоў; вучыўся ў Берліне і Гале. У гал. яго творы «Гісторыя старажытнага мастацтва» (1763) разгледжаны не асобныя майстры, а мастацтва ўвогуле, у яго росквіце і заняпадзе. Ідэалізуючы антычнасць, ён лічыў стараж.-грэч. мастацтва ўзорам для ўсіх часоў і народаў. Створаная ім методыка мастацтвазнаўчага аналізу стала эстэт. асновай для станаўлення класіцызму ў Германіі і інш. еўрап. краінах.
Тв.:
Рус. пер. — История искусства древности. [Л.], 1933;
Избр. произведения и письма. [М.; Л.], 1935.
Літ.:
Асмус В.Ф. Винкельман, его теория искусства и эстетическое мировоззрение // Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.
т. 4, с. 184