ВІНДСЁРФІНГ
(англ. wind-surfing),
разнавіднасць паруснага спорту, гонкі на спец. дошцы (сёрфер, даўж. 3,7 м, шыр. 0,65 м, вага 27 кт) з замацаванай на ёй мачтай (выш. 4,2 м) з парусам (пл. 5,2 м²). Спартсмен стаіць на дошцы, рукамі ўтрымліваючы мачту з парусам, якая свабодна паварочваецца. Зарадзіўся ў ЗША (1968). Дзейнічае (з 1973) Міжнар. асацыяцыя віндсёрфінга (ІВА), чэмпіянаты свету і Еўропы з 1973; спаборніцтвы праводзяцца паводле правіл парусных рэгат. На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1970-х г.
т. 4, с. 183
ВІ́НДХУК
(Windhoek),
горад, сталіца Намібіі. У цэнтр. ч. краіны на выш. 1,6 тыс. м. Засн. ў 1840. 114,5 тыс. ж. (1988). Вузел чыгунак і аўтадарог, якія злучаюць горад з партамі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і з суседнімі краінамі.
Міжнар. аэрапорт. Харчасмакавыя, харч., швейныя, мэблевыя прадпрыемствы. Зборка машын і абсталявання. Цэнтр гандлю каракулевымі шкуркамі.
т. 4, с. 183
ВІ́НДХ’Я, Віндыйскія горы,
платопадобныя горы на Пн п-ва Індастан, у Індыі. Выш. да 881 м. Паўн. схілы пакатыя, паўднёвыя — стромкія. Складзены з вулканічных парод, пясчанікаў і кварцытаў. Трапічныя мусонныя лясы, участкі саваннаў. Нац. парк Шыўпуры (б. назва Мадх’я-Бхарат).
т. 4, с. 183
ВІНДЫКА́ЦЫЯ
(ад лац. vindicatio абарона, ахова),
у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.
т. 4, с. 183
ВІ́НДЭЛЬБАНД (Windelband) Вільгельм
(11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус. пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
А.А.Лазаревич.
т. 4, с. 183
ВІ́НЕР (Wiener) Норберт
(26.11.1894, г. Калумбія, штат Місуры, ЗША — 19.3.1964),
амерыканскі матэматык, заснавальнік кібернетыкі. Д-р філасофіі (1912). З 1919 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1932 праф). Навук. працы па матэм. аналізе (тэорыя патэнцыялу; гарманічныя, амаль перыяд. функцыі; рады і пераўтварэнні Фур’е), тэорыі імавернасцей (стацыянарныя выпадковыя працэсы). Даследаванні па матэм. фізіялогіі, выліч. тэхніцы (у сувязі з балістычнымі разлікамі), тэорыі кіравання, што праводзіліся ў 1939—45, праца ў Кардыялагічным ін-це ў Мехіка (1945—47) прывялі Вінера да ідэі пра агульнасць асн. прынцыпаў кіравання жывымі і нежывымі сістэмамі, што з’явілася пачаткам стварэння кібернетыкі.
Тв.:
Рус. Пер. — Я — математик. 2 изд. М., 1967;
Кибернетика, или Управление и связь в животном и машине. 2 изд. М., 1968.
т. 4, с. 183
ВІНЕ́ТКА-ПЛАН, Уінетка-план,
адна з сістэм арганізацыі навуч. работы ў пач. школе, адметнай рысай якой з’яўлялася спалучэнне індывідуалізаванага навучання з некаторымі формамі калект. работы (дыспуты, гурткі і інш.). Узнік у 1919—20 у ЗША. Аўтар К.Уошберн — інспектар школ Уінеткі — прыгарада Чыкага (адсюль назва). Атрымаў сусв. вядомасць у 1920—30-я г.
Паводле гэтай сістэмы настаўнік пераважна толькі назіраў за заняткамі вучняў і ў патрэбных выпадках дапамагаў. Навуч. матэрыялы былі разлічаны на дасягненне вучнямі канкрэтна вызначаных вучэбных мэт і прапрацоўваліся ў 1-й пал. дня індывідуальна ў аптымальным для кожнага вучня тэмпе. Індывідуалізацыя навучання па «акадэмічных» школьных дысцыплінах дапаўнялася сумеснай дзейнасцю вучняў у 2-й пал. дня, якая была накіравана на пераадоленне іх раз’яднанасці і прывучала да калект. працы. Дыдактычныя асаблівасці Вінетка-плана вызначылі практыку праграмаванага навучання.
т. 4, с. 184
ВІНЕ́Ц,
магістральны меліярацыйны канал у Пружанскім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Ясельда (бас. Прыпяці). Дзейнічае з 1905. Даўж. 50 км. Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Росахі Пружанскага р-на, праходзіць па зах. частцы Прыпяцкага Палесся, упадае справа ў Ясельду каля в. Перасудавічы Бярозаўскага р-на, за 145 км ад яе вусця. Асн. прытокі — каналы Задваранскі, Ястрабельскі (справа), Давыдавіцкі, Чарнічны, Залужжаўскі і інш. У пойме канала наліўныя сажалкі. Гідралагічны пост Рыгалі.
т. 4, с. 184
ВІНЕ́Я
(ад лац. vinea асадны навес),
прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.
т. 4, с. 184
ВІНІ́Л,
аднавалентны астатак (радыкал) этылену CH2==CH—, які ўводзяць у малекулы арган. злучэнняў замяшчэннем атама вадароду.
т. 4, с. 184