Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕПІ́Р ((Sapir) Эдуард) (26.1.1884, г. Лаўэнбург, Германія — 4.2.1939),

амерыканскі мовазнавец і этнолаг. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Калумбійскі ун-т (1904). З 1925 праф. Чыкагскага, з 1931 Іельскага ун-таў. Вывучаў мову і культуру індзейцаў Амерыкі, праблемы агульнага мовазнаўства і этналінгвістыкі. Асн. праца — «Мова» (1921), дзе трактаваў мову як структуру; апісаў працэсы развіцця моў свету і даў іх тыпалагічную класіфікацыю, якая выкарыстоўваецца ў сучаснай амер. структурнай лінгвістыцы. Гіпотэза С. — Уорфа пра тое, што кожная мова своеасабліва адлюстроўвае свет, выкарыстоўваецца сучаснай этналінгвістыкай і неабіхевіярызмам.

т. 14, с. 339

СЕ́ПІЯ (лац. sepia ад грэч. sēpia каракаціца),

светла-карычневае фарбавальнае рэчыва. Натуральную С. вырабляюць з сакрэту т.зв. чарнільнага мяшка галаваногіх марскіх малюскаў — сепій (адсюль назва). У 20 ст. С. — штучная карычневая акварэльная фарба шматлікіх адценняў. С. наз. таксама від графічнай тэхнікі, пашыраны ў Еўропе з сярэдзіны 18 ст. (Ж.​А.​Фраганар у Францыі і інш.).

т. 14, с. 339

СЕПТАКО́РД,

гл. ў арт. Акорд.

т. 14, с. 339

СЕПТАРЫЁЗЫ, белая плямістасць,

хваробы раслін, якія выклікаюцца патагеннымі грыбамі роду септорыя. Пашкоджваюць лісце, радзей сцёблы і плады з утварэннем белых плям (адсюль другая назва) з цёмным абадком. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. шкодзіць збожжавым культурам, памідорам, грушы, парэчкам, агрэсту, маліне.

Развіццю хваробы спрыяе вільготнае надвор’е і т-ра паветра 20—23 °C. На верхнім баку плям развіваюцца пікніды (з пікнаспорамі) грыба ў выглядзе чорных крапінак. Пры С. заўчасна ападае моцна пашкоджанае лісце, расліна аслабляецца, ураджай часам зніжаецца на 30—50%.

Септарыёзы: 1 — грушы; 2 — маліны; 3 — жыта; 4 — пшаніцы (пашкоджаныя: а — зярняўка; б — каласок; в — расліна).

т. 14, с. 339

СЕПТО́РЫЯ (Septoria),

род недасканалых грыбоў сям. сферапсідальных. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў рэгіёнах з умераным, мяккім і вільготным кліматам. На Беларусі каля 200 відаў. Паразіты злакавых, складанакветных, ясноткавых, ружавых, парасонавых раслін, узбуджальнікі септарыёзаў. Найб. вядомыя С.: злакавая (S. graminis), памідоравая (S. lycopersici), пшанічная (S. tritici), ячная (S. hordei).

Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, мае перагародкі з порамі, часам утварае склероцыі. Органы канідыяльнага споранашэння (пікніды) адзіночныя, шарападобныя, бураватыя, размешчаныя ў тканцы расліны. Канідыі цыліндрычныя, бясколерныя, аднаклетачныя або шматклетачныя.

С.​І.​Бельская.

т. 14, с. 339

СЕ́ПТЫМА,

1) у вершаскладанні тое, што сямірадкоўе.

2) У музыцыгл. ў арт. Інтэрвал.

т. 14, с. 339

СЕПТЫ́МІЙ СЕВЕ́Р (Луцый) (Lucius Septimius Severus; 11.4.146, г. Вялікі Лептыс, Паўн. Афрыка —4.2.211),

рымскі імператар у 193—211, заснавальнік дынастыі Севераў. Быў квестарам, нар. трыбунам, консулам, сенатарам, кіраваў шматлікімі правінцыямі. З 190 камандаваў войскамі ў Германіі. Абвешчаны імператарам легіёнамі ў Паноніі. Абапіраўся на салдат, якім даў шэраг прывілеяў. Кіраваў з дапамогай імператарскага савета. Праводзіў антысенацкую палітыку. Увёў цэнзуальную сістэму падаткаабкладання і прымусовых павіннасцей (працоўных, ваен. і інш.). Умацаваў дунайскую, рэйнскую, брытанскую і ўсх. граніцы імперыі. Паспяхова змагаўся супраць парфян, у гонар перамогі (у 203) пабудаваў у Рыме Трыумфальную арку.

Септымій Север Луцый.

т. 14, с. 339

СЕПТЫМО́НЦЫУМ (лац. Septimontium ад septem сем + mons узгорак),

7 узгоркаў на левым беразе р. Тыбр (Авенцін, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Палацін, Эсквілін, Цэлій), на якіх узнік Рым. Напачатку горад склаўся на Капітоліі і Палаціне (6 ст. да. н. э.), потым пашырыўся на суседнія ўзгоркі, нізіну да лукавіны р. Тыбр (Марсава поле) і перакінуўся на яе правы бераг (3 ст. да н. э.). Яго грамадскімі цэнтрамі былі Капітолій і комплексы Рымскага форума. У сучасным Рыме ўзгоркі С. адзначаюць гіст. цэнтр горада.

т. 14, с. 339

СЕПТЭ́Т (ад лац. septem сем),

1) ансамбль з 7 выканаўцаў.

2) Муз. твор для 7 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і секстэт). Для С. характэрна санатна-цыклічная форма, пашыраны інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя септэты Л.​Бетховена, І.​Гумеля, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага. Вакальныя С. пераважна ўваходзяць у оперы. У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці Я.​Касалапава, П.​Падкавырава, М.​Русіна.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 339

СЕ́РА (лац. Sulfur),

S, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 16, ат. м. 32,066; адносіцца да халькагенаў. Прыродная С. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 32—34 і 36; асн. з’яўляецца ​32S (95,02%). У зямной кары 5∙10​−2% па масе; трапляецца ў свабодным стане (гл. Сера самародная) і ў выглядзе сульфідных (пірыт, галеніт, кінавар і інш.) і сульфатных (гіпс, барыт, ангідрыт, мірабіліт і інш.) мінералаў. Злучэнні С. ёсць у вуглях, сланцах, нафце, прыродным газе. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Вядома з глыбокай старажытнасці.

Неметал. Да т-ры 95,39 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя С. (a-S) — лімонна-жоўтыя крышталі, шчыльн. 2070 кг/м³, tпл 112,8 °C, пры т-ры вышэй за 95,39 °C і да tпл 119,3 °C — манаклінная (β-S) — мядова-жоўтыя крышталі, шчыльн. 1960 кг/м³. Вядомы і інш. мадыфікацыі С., напр., пры рэзкім ахаладжэнні расплаўленай С. атрымліваюць аморфную С. (шчыльн. 1920 кг/м³). Дыэлектрык (шырыня забароненай зоны для α-S 2,6 эВ); цвёрдая С. — дыямагнетык. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе, феноле. Пры награванні непасрэдна ўзаемадзейнічае з усімі (акрамя ёду, азоту і інертных газаў) неметаламі (гл. Серы аксіды, Серы фтарыды, Серы хларыды, Серавуглярод, Серавадарод) і металамі (акрамя золата і плаціны) з утварэннем сульфідаў. Ступень акіслення С. ў злучэннях -2, +2, +4, +6. Вядомы шматлікія сераарганічныя злучэнні. Атрымліваюць з самародных руд, а таксама акісленнем серавадароду або аднаўленнем дыаксіду серы. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання сернай к-ты (прыкладна 50% вырабляемай С.), сульфітаў, барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур. вулканізацыі гумы, а таксама ў вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, штучнага валакна, сульфідаў і інш.; уваходзіць у склад галовак запалак (серка), мазей для лячэння скурных хвароб. Пыл С. раздражняе органы дыхання, слізістыя абалонкі; ГДК у паветры 0,07 мг/м³.

т. 14, с. 339