Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Вэндзі (н. 2.7.1959, г. Джэксанвіл, штат Фларыда, ЗША), касманаўт ЗША.

Скончыла Акадэмію ВМС ЗША. З 1992 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла 3 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 2—18.3.1995 на КК «Індэвар», 26.9—7.10.1997 на КК «Атлантыс» — арбітальны комплекс «Мір», 3—12.6.1998 на КК «Дыскаверы» — арбітальным комплексе «Мір». У космасе правяла 37,27 сут.

У.С.Ларыёнаў.

т. 9, с. 345

ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Дэвід Герберт (11.9.1885, г. Іствуд, Вялікабрытанія — 2.3.1930), англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Нотынгемскім ун-це. Друкаваўся з 1908. У раманах «Белы паўлін» (1911), «Сыны і палюбоўнікі» (1913; экранізацыя 1960), «Вясёлка» (1915) выступіў з пратэстам супраць «механічнай цывілізацыі» 20 ст., у абарону саюзу чалавека з прыродай. У раманах «Закаханыя жанчыны» (1920), «Флейта Аарона» (1922), «Птушыны змей» (1926) зварот да натуралізму, псіхал. аналізу ў духу фрэйдызму. Найб. вядомы раман — «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» (1928; экранізацыя 1955). Творы Л. з рысамі мадэрнізму насычаны сімволікай, патэтыкай, адметныя складанасцю і вытанчанасцю стылю. Аўтар зб-каў паэзіі («Вершы пра каханне», 1913), апавяданняў («Прускі афіцэр», 1914), літ.-крытычных эсэ, дарожных нататкаў.

Тв.:

Рус. пер. — Дочь лошадника. М., 1985;

Сыновья и любовники. М., 1990;

Любовник леди Чатгерли. М., 1992.

т. 9, с. 345

ЛО́РЭНЦ ((Lorenz) Конрад) (7.11.1903, Вена — 27.2.1989),

аўстрыйскі заолаг і філосаф; адзін з заснавальнікаў эталогіі. Вучыўся ў Нью-Йоркскім і Венскім ун-тах. З 1940 праф. Кёнігсбергскага ун-та. У 1944—48 у сав. палоне. З 1950 кіраўнік Ін-та фізіялогіі паводзін навук. т-ва Макса Планка (Германія). Навук. працы па пытаннях ранняга абучэння (запамінання) і яго ролі ў фарміраванні паводзін у дарослых жывёл. Распрацаваў вучэнне аб інстынктыўных паводзінах і іх развіцці ў анта- і філагенезе.

Распаўсюджваў біял. заканамернасці паводзін жывёл на чалавека і чалавечае грамадства. Філас. працы па эвалюц. эпістэмалогіі, сацыябіялогіі і інш. Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Н.Тынбергенам i К. фон Фрышам).

К.Лорэнц.

т. 9, с. 345

ЛО́РЭНЦ ((Lorentz) Хендрык Антон) (18.7.1853, г. Арнем, Нідэрланды — 4.2.1928),

нідэрландскі фізік-тэарэтык, стваральнік электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1910), ганаровы чл. АН СССР (1925). Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1870—72), з 1878 праф. гэтага ун-та. З 1923 дырэктар ін-та Тэйлара ў Харлеме. Арганізатар і старшыня Сальвееўскіх кангрэсаў фізікаў (1914—27). Навук. працы па электрадынаміцы, тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы, оптыцы і тэорыі выпрамянення. Зыходзячы з эл.-магн. тэорыі Дж.Максвела стварыў класічную электронную тэорыю (1880—1909), на падставе якой растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, а таксама эл.-магн. і аптычныя ўласцівасці рэчыва, атрымаў формулу для вызначэння сілы, што дзейнічае на рухомы зарад у магн. полі (гл. Лорэнца сіла), растлумачыў Зеемана з’яву. Незалежна ад Дж.Лармара атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл. Лорэнца пераўтварэнні). Даследаванні Л. спрыялі стварэнню адноснасці тэорыі. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з П.Зееманам).

Літ.:

Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Г.А.Лоренц, 1853—1928. М., 1974.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 345

ЛО́РЭНЦА ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ суадносіны паміж каардынатамі і момантамі часу адвольнай падзеі, якая разглядаецца ў 2 інерцыяльных сістэмах адліку (ІСА), што рухаюцца адна адносна другой. Атрыманы Х.А.Лорэнцам (1904) як пераўтварэнні, адносна якіх Максвела ўраўненні захоўваюць свой выгляд. Л.п. ў 1905 вывеў А.Эйнштэйн з 2 пастулатаў спец. адноснасці тэорыі.

Пры адносным руху 2 ІСА са скорасцю v уздоўж восі х і аднолькавым напрамку іх дэкартавых восей Л.п. маюць выгляд: x = ( xvt ) / 1 ( v/c ) 2 , y=y , z=z, t = ( tvx / c2 ) / 1 ( v/c ) 2 , дзе x, y, z, t і x′, y′, z′, t′ — адпаведна дэкартавы каардынаты і моманты часу адвольнай падзеі ў гэтых ІСА, c — скорасць святла ў вакууме. Л.п. пры vc пераходзяць у Галілея пераўтварэнні. З Л.п. вынікае адноснасць даўжынь і прамежкаў часу, а таксама рэлятывісцкая формула складання скорасцей.

А.А.Леановіч.

т. 9, с. 345

ЛО́РЭНЦА СІ́ЛА,

сіла, што дзейнічае на рухомую зараджаную часціцу ў эл.магн. полі; адно з важнейшых паняццяў электрадынамікі. Матэматычна вызначана Х.А.Лорэнцам у выніку абагульнення эксперым. даных.

Вызначаецца формулай: F = qE + qv × B , дзе q — зарад часціцы, E — напружанасць эл. поля, Bмагн. індукцыя, v — скорасць часціцы адносна сістэмы каардынат, дзе вызначаны велічыні F, E і B. Першы член у правай частцы формулы абумоўлены эл. полем, другі — магн. полем. Магн. частка Л.с. падобная на Карыяліса сілу ў механіцы: дзейнічае на рухомы зарад перпендыкулярна яго скорасці — захоўвае пастаяннай энергію зараду і змяняе толькі напрамак яго імпульсу. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы, Тэрмамагнітныя з’явы.

т. 9, с. 346

ЛО́СВІДА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас. р. Храпаўлянка, за 7 км на Пд ад г. Гарадок. Пл. 11,42 км2, даўж. каля 7,1 км, найб. шыр. каля 4,9 км, найб. глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км2. Схілы катлавіны выш. да 15 м (на ПнЗ і 3 да 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш. да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч. да глыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.

т. 9, с. 346

ЛО́СВІДСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924. Утвораны 17.7.1924. у складзе Віцебскай акругі. Цэнтр — ст. Лосвіда. 20.8.1924 падзелены на 10 сельсаветаў. 29.10.1924 перайменаваны ў Кузняцоўскі раён. Цэнтр раёна перанесены ў г. Віцебск.

т. 9, с. 346

ЛО́СЕЎ (Аляксей Фёдаравіч) (22.9.1893, г. Новачаркаск, Расія — 24.5.1988),

расійскі філосаф і філолаг. Праф. (1923), д-р філал. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Працаваў у Ніжагародскім ун-це (з 1919), Маскоўскай кансерваторыі (1922—29). У 1930—33 рэпрэсіраваны. Пасля вызвалення выкладаў ант. л-ру і стараж. мовы ў правінцыяльных ВНУ. З 1942 у Маскоўскім ун-це і пед. ін-це. У працах 1920-х г. шляхам своеасаблівага сінтэзу платонаўска-гегелеўскага дыялектычнага ідэалізму, ідэй рус. рэліг. філасофіі пач. 20 ст., фенаменалогіі Э.Гусерля імкнуўся пабудаваць універсальныя мадэлі быцця і мыслення («Антычны космас і сучасная навука», «Музыка як прадмет логікі», «Філасофія імя», усе 1927; «Дыялектыка міфа», 1930). Даследаваў ант. міфалагічнае ўспрыняцце свету ў яго структурнай цэласнасці («Нарысы антычнага сімвалізму і міфалогіі», т. 1, 1930). Сярод асн. прац «Гісторыя антычнай эстэтыкі» (1963—94), «Эліністычна-рымская эстэтыка I—II стст. н.э.» (1979), «Эстэтыка Адраджэння» (1982) і інш. Сцвярджаў выразны эстэтыка-касмалагічны характар стараж.-грэч. і эліністычна-рым. культуры, што дазволіла яму лічыць гісторыю ант. эстэтыкі гісторыяй ант. філасофіі. Даказваў ант. вытокі рус. філасофіі. У шэрагу позніх прац спрабаваў наблізіць сваё філас. вучэнне да марксізму, што не прывяло да арган. сінтэзу з прычыны жорстка ідэалагізаванай сістэмы апошняга. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Владимир Соловьев и его время. М., 1990;

Из ранних произведений. М., 1990;

Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Бытие — имя — космос. М., 1993;

Жизнь: Повести, рассказы, письма. СПб., 1993;

Миф — число — сущность. М., 1994;

Проблема символа и реалистическое искусство. 2 изд. М., 1995.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 346

ЛО́СЕЎ (Анатоль Пятровіч) (н. 17.4.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фотахіміі. Д-р фіз.-матэм. н. (1982). Скончыў БДУ (1961). З 1963 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі хларафілу і яго вытворных, фотаіндуцыраванага пераносу электрона і фотасенсібілізацыі сінглетнага малекулярнага кіслароду.

Тв.:

Фотофизические процессы в моделях реакционных центров фотосинтеза (у сааўт.) // Журн. прикладной спектросколии. 1995. Т. 62, № 3.

т. 9, с. 346