ЛО́РЭНЦ (Lorentz) Хендрык Антон

(18.7.1853, г. Арнем, Нідэрланды — 4.2.1928),

нідэрландскі фізік-тэарэтык, стваральнік электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1910), ганаровы чл. АН СССР (1925). Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1870—72), з 1878 праф. гэтага ун-та. З 1923 дырэктар ін-та Тэйлара ў Харлеме. Арганізатар і старшыня Сальвееўскіх кангрэсаў фізікаў (1914—27). Навук. працы па электрадынаміцы, тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы, оптыцы і тэорыі выпрамянення. Зыходзячы з эл.-магн. тэорыі Дж.Максвела стварыў класічную электронную тэорыю (1880—1909), на падставе якой растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, а таксама эл.-магн. і аптычныя ўласцівасці рэчыва, атрымаў формулу для вызначэння сілы, што дзейнічае на рухомы зарад у магн. полі (гл. Лорэнца сіла), растлумачыў Зеемана з’яву. Незалежна ад Дж.Лармара атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл. Лорэнца пераўтварэнні). Даследаванні Л. спрыялі стварэнню адноснасці тэорыі. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з П.Зееманам).

Літ.:

Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Г.А.Лоренц, 1853—1928. М., 1974.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)