ЛО́СЕЎ (Аляксей Фёдаравіч) (22.9.1893, г. Новачаркаск, Расія — 24.5.1988),

расійскі філосаф і філолаг. Праф. (1923), д-р філал. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Працаваў у Ніжагародскім ун-це (з 1919), Маскоўскай кансерваторыі (1922—29). У 1930—33 рэпрэсіраваны. Пасля вызвалення выкладаў ант. л-ру і стараж. мовы ў правінцыяльных ВНУ. З 1942 у Маскоўскім ун-це і пед. ін-це. У працах 1920-х г. шляхам своеасаблівага сінтэзу платонаўска-гегелеўскага дыялектычнага ідэалізму, ідэй рус. рэліг. філасофіі пач. 20 ст., фенаменалогіі Э.Гусерля імкнуўся пабудаваць універсальныя мадэлі быцця і мыслення («Антычны космас і сучасная навука», «Музыка як прадмет логікі», «Філасофія імя», усе 1927; «Дыялектыка міфа», 1930). Даследаваў ант. міфалагічнае ўспрыняцце свету ў яго структурнай цэласнасці («Нарысы антычнага сімвалізму і міфалогіі», т. 1, 1930). Сярод асн. прац «Гісторыя антычнай эстэтыкі» (1963—94), «Эліністычна-рымская эстэтыка I—II стст. н.э.» (1979), «Эстэтыка Адраджэння» (1982) і інш. Сцвярджаў выразны эстэтыка-касмалагічны характар стараж.-грэч. і эліністычна-рым. культуры, што дазволіла яму лічыць гісторыю ант. эстэтыкі гісторыяй ант. філасофіі. Даказваў ант. вытокі рус. філасофіі. У шэрагу позніх прац спрабаваў наблізіць сваё філас. вучэнне да марксізму, што не прывяло да арган. сінтэзу з прычыны жорстка ідэалагізаванай сістэмы апошняга. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Владимир Соловьев и его время. М., 1990;

Из ранних произведений. М., 1990;

Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Бытие — имя — космос. М., 1993;

Жизнь: Повести, рассказы, письма. СПб., 1993;

Миф — число — сущность. М., 1994;

Проблема символа и реалистическое искусство. 2 изд. М., 1995.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)