Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НІЛАШЫ́СТЫ,

у 1938—45 члены венг фаш. партыі «Nylaskereszt párt» («Скрыжаваныя стрэлы»; ад імя лідэра Ф.Салашы наз. таксама салашыстамі). Партыя Н. утворана членамі забароненай урадам М.Хорці «Венг. нацыянал-сацыялісцкай партыі — хунгарысцкі рух» (засн. ў 1937). У вер. 1940 аб’ядналі апазіцыйныя ўраду ўсе фаш. партыі і групы Венгрыі. Патрабавалі ўзмацнення праследавання Камуніст. і Сацыял-дэмакр. партый, устанаўлення ў краіне таталітарнага рэжыму і больш цеснага супрацоўніцтва з фаш. Германіяй. Актывізавалі дзейнасць пасля ўступлення Венгрыі ў вайну супраць СССР (чэрв. 1941). Пасля адстаўкі Хорці з 15.10.1944 да 27.3.1945 узначальвалі ўладу на акупіраванай ням.-фаш. войскамі ч. Венгрыі. Партыя Н. забаронена паводле пастановы часовага нац. ўрада аб роспуску фаш. арг-цый ад 26.2.1945, а яе лідэры асуджаны як ваен. злачынцы.

т. 11, с. 347

НІЛГІ́РЫ,

горны масіў на Пд п-ва Індастан, у Індыі, на стыку Зах. і Усх. Гатаў. Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў, парфіраў. Выш. да 2636 (г. Дадабета). Платопадобная вяршыня, стромкія схілы, парэзаныя цяснінамі. Высакатраўныя лугі з рэшткамі вечназялёных трапічных лясоў і крывалессяў. Чайныя і кававыя плантацыі, эўкаліптавыя гаі. Горныя кліматычныя курорты (Утакаманд, Кунур і інш.).

т. 11, с. 347

НІ́ЛІН (Павел Піліпавіч) (16.1.1908, г. Іркуцк, Расія — 2.10.1981),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Чалавек ідзе ў гару. Нарысы звычайнага жыцця» (1936). Яго творчасці ўласцівы ўвага да рэальнага жыцця, вострая пастаноўка маральных, і грамадскіх праблем: апавяданне «Каханая дзяўчына» (1936, аднайм. фільм 1940), сцэнарый фільма «Вялікае жыццё» (1-я серыя 1940, Дзярж. прэмія СССР 1941; 2-я серыя 1958; пра шахцёраў Данбаса), аповесці «Выпрабавальны тэрмін» (1956, аднайм. фільм 1960), «Жорсткасць» (1956, аднайм. фільм 1960) і інш. Падзеі Вял. Айч. вайны на Беларусі ў аповесці «Праз могілкі» (1962, аднайм. фільм кінастудыі «Беларусьфільм», 1965). Аўтар рамана «Паездка ў Маскву» (1954), п’есы «На белым свеце» (1947, паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа) і інш. Неаднаразова быў на Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Жук, Т.​Мартыненка.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1985;

Жестокость: Повесть и рассказы. М., 1990.

Літ.:

Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979. С. 116—118;

Кардин В. Павел Нилин. М., 1987.

т. 11, с. 347

НІ́ЛЬСАН ((Nilsson) Біргіт) (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),

шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.​Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.​М.​Вебера), Алена («Мефістофель» А.​Бойта), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.​Хіндэміта).

т. 11, с. 347

НІ́ЛЬСАН-Э́ЛЕ ((Nilsson-Ehle) Нільс Герман) (12.2.1873, г. Скаруп, Швецыя — 29.12.1949),

шведскі генетык. Замежны чл.-кар. АН СССР (1932). Скончыў Лундскі ун-т (1894). З 1900 у Шведскай асацыяцыі насенняводства, з 1915 у Ін-це генетыкі і селекцыі ў г. Лунд, у 1925—39 у Ін-це селекцыі раслін у г. Свалёф. Навук. працы па батаніцы, гібрыдызацыі, генетыцы раслін. Вывучаў генетыку колькасных адзнак у с.-r. раслін, правёў фундаментальныя даследаванні па поліплаідыі і эксперым. мутагенезе, трыплаідыі ў яблынь. Устанавіў палімернае (палігеннае) наследаванне ў большасці с.-г. культур.

т. 11, с. 347

НІ́ЛЬСЕН ((Nielsen) Карл Аўгуст) (9.6.1895, Норэ-Люндэльсе, каля г. Одэнсе, Данія — 3.10.1931) класік дацкай музыкі, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Капенгагене (1884—86),

з 1916 выкладаў у ёй (у 1931 рэктар). У 1889—1905 скрыпач, з 1908 гал. дырыжор Каралеўскага т-ра ў Капенгагене. У 1915—27 гал. дырыжор канцэртаў Муз. т-ва. Наватар дацкай музыкі. Стваральнік т.зв. новай дацкай нар. песні. Яго эстэт. погляды паўплывалі на творчасць дацкіх і інш. скандынаўскіх кампазітараў 20 ст. Сярод твораў: оперы «Саул і Давід» (паст. 1902), «Маскарад» (паст. 1906); «Гімн каханню» (1897), «Сны» (1904), «Фюнская вясна» (1921) для салістаў, хору і арк.; 6 сімфоній (1882—1925), уверцюры (1903, 1908, 1918); канцэрты для інструментаў з арк. (1911, 1926, 1928), камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., скрыпкі, аргана; хары a cappella; песні (каля 250), музыка да драм. спектакляў і інш. Аўтар мемуараў «Маё дзяцінства на Фюне» (1927). У Капенгагене праводзяцца фестывалі музыкі Н.

Літ.:

Сталь Э. Классик нашей музыки // Сов. музыка. 1970. № 8;

Мохов Н.Н. О творчестве К.​Нильсена // Там жа 1981. № 6.

т. 11, с. 347

НІЛ СО́РСКІ (у свеце Мікалай Майкаў; 1433, Масква — 1508),

расійскі царк. і грамадскі дзеяч, кіраўнік несцяжацеляў. Манах Кірыла-Белазерскага манастыра. У 1473—89 шмат падарожнічаў, быў у Палесціне, Канстанцінопалі, Афоне, дзе пазнаёміўся з містычным вучэннем ісіхазму (шлях чалавека да яднання з Богам праз «ачышчэнне сэрца»). Пасля вяртання заснаваў першы на Русі манаскі скіт на р. Сора каля Кірыла-Белазерскага манастыра. У творах «Статут скіцкага манаскага жыцця», «Паданне вучням сваім аб жыхарстве манаскім» і інш. патрабаваў засяроджвання вернікаў на сваім ўнутр. свеце, асабістага перажывання веры як непасрэднага яднання верніка з Богам. Выступаў за ўдзел манахаў у прадукц. працы, рэформу манаства на пачатках скіцкага жыцця, заклікаў духавенства адмаўляцца ад роскашы, ўладання зямлёй і сялянамі («несцяжання»). У адносінах да ератыкоў рэкамендаваў адмову ад насілля і ганенняў. Удзельнічаў у саборы 1503, дзе несцяжацелі пацярпелі паражэнне ад іасіфлян. Прадаўжальнікамі ідэй Н.С. былі Васіян Патрыкееў Касы і Арцемій Троіцкі.

Літ.:

Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987;

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.

т. 11, с. 346

НІМ (Nímes),

горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).

У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст. н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.

т. 11, с. 347

НІМБ (ад лац. nimbus воблака, туман),

ззянне ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці на абразах. карцінах рэліг. зместу (у хрысціянскім і будыйскім мастацтве).

т. 11, с. 348

НІМЕ́ЕР, Німеер Суарыс Філью (Niemeyer Soares Filho) Оскар (н. 15.12.1907, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія), бразільскі архітэктар; адзін з заснавальнікаў сучаснай школы браз. архітэктуры. Замежны ганаровы чл. АМ СССР (1983). Скончыў Нац. маст. школу ў Рыо-дэ-Жанейра (1934). Наватарская распрацоўка жалезабетонных канструкцый, пошукі іх эстэт. выразнасці вызначылі ў асн. работах Н. смеласць і свабоду планіровачных вырашэнняў, экспрэсію і пластычнае багацце форм: комплекс спарт. і відовішчных збудаванняў у Пампульі каля Белу-Арызонты (1942—43), у Рыо-дэ-Жанейра — банк Баавіста (1946), уласны дом Н. (1953), гасцініца «Насіянал» (1970); Музей прыгожых мастацтваў у Каракасе (Венесуэла; 1955—56). Паводле праектаў Н. забудоўваўся (з 1957) г. Бразілія з незвычайнымі па формах адм. і грамадскімі пабудовамі. У 1960—70-я г. праектаваў і будаваў грамадскія будынкі ў Гане, Італіі, Ліване, Францыі і інш. Міжнар. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Архитектура и общество. М., 1975.

Літ.:

Хайт В.Л., Яницкий О.Н. О.​Нимейер. М., 1963.

т. 11, с. 348