НІМ (Nímes),
горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).
У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст. н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.
т. 11, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)