Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАДРА́ЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА, Задрач,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (працякае праз возера), за 40 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,77 км2, даўж. 2 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6,4 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 36,6 км2. Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на У і ПнУ да 30 м), на Пд і ПдЗ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі тарфяністыя. Пойма шыр. 5—70 м. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Зарастае слаба.

т. 6, с. 499

ЗАДРО́ЎЕ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Адроў, на аўтадарозе Мінск—Масква. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на 3 ад г. Орша, 88 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Коханава. 329 ж., 128 двароў (1997). Пач. школа, б-ка. Каля вёскі селішча жал. веку і ранняга сярэдневякоўя.

т. 6, с. 499

ЗА́ДРУГА (сербахарвацкае),

у паўднёвых славян ранейшая назва вялікай патрыярхальнай сям’і; разнавіднасць сямейнай абшчыны. Складалася з некалькіх пакаленняў нашчадкаў аднаго бацькі з іх жонкамі і дзецьмі; гаспадарка і спажыванне агульныя. Налічвала 20—30 чал. (часам 50—80). Існавала да 2-й пал. 19 ст.

т. 6, с. 499

ЗАДРУ́ЦКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1893 на беразе Дняпра каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 13 ст. У гліняным гаршку знаходзілася 89 цэлых і 3 фрагменты сярэбраных грыўняў-зліткаў 13 ст. агульнай масай 14,5 кг. Імператарская археал. камісія (Пецярбург) размеркавала знаходку паміж музеямі Расіі, Германіі, ЗПІА і распрадала прыватным асобам. 13 зліткаў у 1929 перададзены Эрмітажу.

т. 6, с. 499

ЗАДРУ́ЦЦЕ,

археалагічныя помнікі дрыгавічоў (гарадзішча і курганны могільнік) каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча памерам 83x85 м умацавана валам выш. 1—3 м, шыр. 8—15 м. Курганны могільнік 10—11 ст. (з 40 насыпаў захаваліся 3). Пахавальны абрад — трупапалажэнне, пераважна галавой на З. Знойдзены рэшткі дамавін, жал. цвікі, ганчарны посуд, пацеркі са шкла, бронзы, сердаліку, бронзавыя пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы.

Э.М.Зайкоўскі.

т. 6, с. 499

ЗАДУБРО́ЎЕ,

вёска ў Віцебскім р-не, на аўтадарозе Віцебск—г.п. Сураж. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Віцебск. 638 ж., 232 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 499

ЗАДУНА́ЙСКАЯ СЕЧ,

арганізацыя запарожскіх казакоў у 1775—1828 на тэр. Асманскай імперыі, у вусці Дуная, куды яны ўцяклі пасля скасавання Запарожскай Сечы (1775). У 1806 і 1828 большая частка запарожцаў вярнулася ў Расію і склала Дунайскае і Азоўскае казацкія войскі.

т. 6, с. 499

ЗАДЫ́ШКА,

парушэнне частаты, рытму і глыбіні дыхання, якое суправаджаецца няхваткай паветра. Пры хваробах сэрца З. бывае ад фіз. нагрузкі, потым і ў спакоі, асабліва ў гарыз. становішчы (хворыя павінны сядзець). Прыступы рэзкай З. (найчасцей ноччу) пры хваробах сэрца — праяўленне астмы сардэчнай. У гэтых выпадках З. інспіраторная (цяжкі ўдых). Экспіраторная З. (цяжкі выдых) бывае пры звужэнні прасвету дробных бронхаў і бранхіёл (напр., пры астме бранхіяльнай) ці пры нізкай эластычнасці лёгачнай тканкі (напр., пры хранічнай эмфіземе лёгкіх). Мазгавая З. ўзнікае пры раздражненні дыхальнага цэнтра (пухліны, кровазліцці і інш.).

т. 6, с. 499

ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),

сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.

Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл. Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл. табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.

Літ.:

Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.

Н.А.Ушакова.

Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е Старажытныя даты Сучасныя даты
Авен 21.3—19.4 22.4—21.5
Цялец 20.4—20.5 22.5—21.6
Блізняты 21.5—21.6 22.6—22.7
Рак 22.6—22.7 23.7—23.8
Леў 23.7—22.8 24.8—23.9
Дзева 23.8—22.9 24.9—24.10
Шалі 23.9—22.10 25.10—23.11
Скарпіён 23.10—21.11 24.11—23.12
Стралец 22.11—21.12 24.12—22.1
Казярог 22.12—19.1 23.1—20.2
Вадаліў 20.1—18.2 21.2—18.3
Рыбы 19.2—20.3 19.3—21.4
Да арт. Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.

т. 6, с. 499

ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,

свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв. проціззянне.

У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.

Н.А.Ушакова.

Да арт. ЗАЗ: легкавы аўтамабіль ЗАЗ-1102 Таўрыя.

т. 6, с. 500