Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛУ́БЛЯ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай з воз. Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.

т. 5, с. 302

ГЛУ́ЗСКІ Міхаіл Андрэевіч

(н. 21.11.1918, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Школу кінаакцёра пры кінастудыі «Масфільм» (1940). У 1940—46 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, з 1946 у Тэатры-студыі кінаакцёра. З 1939 здымаецца ў кіно. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізода. Стварыў псіхалагічна глыбокія, унутранаканфліктныя характары ў фільмах: «У агні броду няма», «На вайне як на вайне», «Місія ў Кабуле», «Бег», «Прыйшоў салдат з фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1973), «Маналог», «Полымя» (Сярэбраны медаль імя А.Даўжэнкі, 1975), «Апошняя ахвяра», «Спыніўся поезд», «Без сонца», «Паміраць не страшна» і інш.

т. 5, с. 302

ГЛУСК,

гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс. ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс. чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс. ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.

4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.Ф.Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.

А.П.Грыцкевіч.

т. 5, с. 302

ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п. Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.

т. 5, с. 303

ГЛУ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 22,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. На 1 км². Цэнтр — г. Глуск. 106 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Калаціцкі, Каткаўскі, Кіраўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 177,9 м (каля в. Горнае). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, буд. пяскі, цагельныя гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,5°C, ліп. 18,1°C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Найб. р. Пціч з прытокамі Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька з Ольніцай; невял. азёры Выгада і Дзікае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Асн. балотныя масівы — Даколька, Барбарова, Дзікае Балота і інш.

Агульная плошча с.-г. ўгоддзяў 50,5 тыс. га, з іх асушаных 21 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 31 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, рыбагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (пладова-агародніннай, масласыраробнай), дрэваапр. (мэблевай) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Слуцк — Бабруйск, Бабруйск — Глуск — Любань, Глуск — Акцябрскі. У раёне 11 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая і санаторная школы. 14 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельд.-ак. пунктаў, 2 амбулаторыі, паліклініка. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814) у в. Гарадок. Выдаецца газ. «Радзіма».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 303

ГЛУ́СКІ СКАРБ.

Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.

т. 5, с. 303

ГЛУСК ПАГАРЭ́ЛЫ,

назва в. Гарадок Глускага р-на ў 16 — пач. 19 ст.

т. 5, с. 303

ГЛУТАМІ́Н,

L-p-амід-L-глутамінавай кіслаты, C5H10O3N2, заменная амінакіслата ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў; амінакіслотны кампанент бялкоў і поліпептыдаў. У свабодным стане ў значнай колькасці ёсць у раслін, сардэчнай і шкілетных мышцах, мозгу. Важнейшае злучэнне азоцістага абмену, з дапамогай якога пераносяцца амінагрупы (пераамінаванне). Пры ўтварэнні глутаміну з глутамінавай к-ты ў раслін і многіх жывёл абясшкоджваецца таксічны аміяк. Адзін з прадуктаў першаснага звязвання малекулярнага азоту клубеньчыкавымі бактэрыямі і свабодна жывучымі азотфіксатарамі. Дае пачатак біясінтэзу шэрагу амінакіслот (трыптафану, гістыдзіну, гліцыну, аспарагіну, аланіну і інш.), пурынавых і пірымідзінавых асноў, гексозаміну, рыбафлавіну, фоліевай к-ты і інш.; можа ператварацца ў 1-кетаглутарат — прамежкавы прадукт цыкла лімоннай к-ты, які пастаўляе вуглярод на сінтэз глюкозы.

т. 5, с. 303

ГЛУТАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

α-амінаглутаравая кіслата, HOOCCH2CH2CHNH2COOH; важнейшая заменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў практычна ўсіх прыродных бялкоў і інш. біялагічна актыўных рэчываў (глутатыёну, фоліевай к-ты, фасфатыдаў). У свабодным стане ёсць ва ўсіх тканках жывых арганізмаў, займае ключавое становішча ў азоцістым абмене. Сукупнасць абарачальных ферментатыўных рэакцый пераносу амінагруп у жывых арганізмаў (пераамінаванне) адбываецца ў сістэме глутамінавай кіслаты — глутамін-α-кетаглутаравая к-та. Біясінтэз глутамінавай кіслаты — галоўны шлях асіміляцыі аміяку ў многіх арганізмаў. Глутамінавая кіслата ўдзельнічае ў біясінтэзе многіх заменных амінакіслот, пурынаў; у клетках ц. н. с. пераносіць іоны калію K​+ і абясшкоджвае аміяк, выконвае функцыю медыятара. Выкарыстоўваецца як смакавая дабаўка да харч. прадуктаў і як лекавы сродак.

т. 5, с. 303

ГЛУТА́РАВАЯ КІСЛАТА́,

прапан-1, 3-дыкарбонавая кіслата, HOOC—(CH2)3—COOH, крышталічная двухасноўная к-та. Т-ра плаўлення 97,5°C, добра растваральная ў вадзе, спірце, бензоле. Па хім. уласцівасцях аналагічная інш. двухасноўным к-там. Утвараецца пры біял. распадзе лізіну ў печані жывёл і чалавека, ёсць у соку рэпы, буракоў, прамыўных водах сырой авечай шэрсці. Вытворнае глутаравай кіслаты — α-амінаглутаравая к-та (глутамінавая к-та) адыгрывае значную ролю ў азоцістым абмене, ужываецца як лекавы сродак.

т. 5, с. 303