Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЛЕНСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ,

гл. Віленская брацкая друкарня.

т. 4, с. 166

ВІ́ЛЕНСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ГРУ́ПА «НАРО́ДНАЙ ВО́ЛІ»,

гл. ў арт. Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі».

т. 4, с. 166

ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў графіцы пач. 16—17 ст. Склалася ў Вільні ў 1520-я г., развівалася ў ВКЛ ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, зах.-еўрап. мастацтвам і пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У.В.Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсх.-слав. землях, у т. л. Куцеінскай школы гравюры, Магілёўскай школы гравюры. Гал. ролю ў развіцці Віленскай школы гравюры адыгралі выданні Ф.Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні і інш. Асн. віды гравюры Віленскай школы дрэварыт (у кірылаўскіх) і медзярыт (у лацінска-польскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылаўскіх выданняў моцна паўплывалі традыцыі бел. жывапісу і драўлянай пластыкі. Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі і канцоўкі «Малой падарожнай кніжыцы», 1522, і «Апостала», 1525) і асабліва П.Мсціслаўца («Евангелле напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжыцы» спалучаюцца рысы позняй готыкі і рэнесансу; у больш позніх творах («Грамматіка словенска» Л.Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты 16 ст. ананімныя, медзярыты 17 ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы гравюры вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесійную тэматыку, простанароднасцю і каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найб. яскрава асаблівасці Віленскай школы гравюры выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Ветраграда душэўнага» (Вільня, 1620) і інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны 17 ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі і копіі з іх («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611, «Евангелле вучыцельнае», Еўе, 1616, і інш.). Значнымі маст. якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з’явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі. Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам і дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб’ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т.Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А.Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума...», 1672) паўплывалі на творчасць інш. майстроў. Сярод гравёраў школы Л.Тарасевіч, І.Шчырскі, Л.Кршчановіч, замежныя майстры К.Гётке, Д.Пельцэльда, Т.Шнопс, Л.Вілатц і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М.Вашчанка.

Літ.:

Стасов В.В. Разбор рукописного сочинения Д.А. Ровинского «Обозрение русского гравирования на металле и на дереве до 1725 года» // Собр. соч. СПб., 1894. Т. 2, отд. 3;

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;

Каталог белорусских изданий кирилловского шрифта XVI—XVII вв. Вып. 1—2. Л., 1973—75.

В.Ф.Шматаў.

т. 4, с. 166

ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА МАЛЯВА́ННЯ,

сярэдняя навуч. маст. ўстанова ў Вільні ў 1866—1914. Падпарадкоўвалася Пецярбургскай АМ. Навучанне было бясплатнае. Арганізатар школы і загадчык у 1866—1912 І.Трутнеў. Сярод выкладчыкаў: І.Бальзукевіч, І.Рыбакоў, П.Ромер, І.Чамаданаў. Падрыхтавала шмат настаўнікаў малявання і чарчэння для губ. і павятовых школ Беларусі і Літвы. У ёй вучыліся Л.Альпяровіч, М.Антакольскі, Я.Драздовіч, Э.Паўловіч, І.Шрэдар і інш.

Літ.:

Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода: Очерки. Мн., 1969. С. 164—166.

т. 4, с. 166

ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,

дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛ Вітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.

І.А.Юхо.

т. 4, с. 163

ВІ́ЛЕНСКА-ТРО́КСКІ ПАВЕ́Т,

адм-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1922—39. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм Віленшчыны (т.зв. Сярэдняй Літвы), які 20.2.1922 прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Пастановай урада Польшчы ад 6.4.1922 утвораны Віленска-Трокскі павет у складзе Віленскай зямлі, з 22.12.1925 Віленскага ваяводства. Цэнтр павета — г. Трокі (сучасны Тракай, Літва). Пл. 183 км², нас. 168 879 чал. (без Вільні). Павет падзяляўся на 18 гмін. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ўрад СССР у кастр. 1939 перадаў павет у склад Літвы, дзе асн. яго тэр. пазней склала Тракайскі р-н.

т. 4, с. 163

ВІ́ЛЕНСКІ Зіновій Майсеевіч

(15.10.1899, г. Карукаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.10.1984),

савецкі скульптар-партрэтыст. Нар. мастак СССР (1980). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў Маскоўскім Вхутэмасе-Вхутэіне (1922—28). Творы вылучаюцца майстэрскай мадэліроўкай, выкарыстаннем магчымасцей фактуры матэрыялаў («П.І.Чайкоўскі», 1947, Дзярж. прэмія СССР 1948; «М.М.Громаў», 1970, «С.П.Каралёў», 1981, і інш.).

т. 4, с. 166

ВІ́ЛЕНСКІЯ ПАКУ́ТНІКІ,

бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».

т. 4, с. 169

«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,

група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв. сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.Грасмані, А.Гушкоўскі, Ю.Гарноўскі, М.Шульц, К.Эльснер, М.Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.

У.П.Емяльянчык.

т. 4, с. 169

ВІ́ЛЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

сярэдняя навуч. ўстанова класічнага тыпу Вільні ў 1570—79. У 1579 пераўтворана ў акадэмію. Гл. ў арт. Віленскі універсітэт.

т. 4, с. 166