Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕРА́СІМАЎ Мікалай Васілевіч

(2.12.1940, в. Хачэні Наўгародскай вобл., Расія — 18.4.1989),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1983). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследаваў метадалагічныя і тэарэт. праблемы вытв. адносін.

Тв.:

Общественные фонды потребления: необходимость, сущность, направление развития. Мн., 1978;

Совершенствование соцобеспечения семьи, здравоохранения, распределения и оплаты жилья. Мн., 1981;

Экономическая система: генезис, структура, развитие. Мн., 1991.

т. 5, с. 169

ГЕРА́СІМАЎ Міхаіл Міхайлавіч

(15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),

савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-р гіст. н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш. стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;

Восстановление лица по черепу. М., 1955;

Люди каменного века. М., 1964.

т. 5, с. 170

ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Апалінарыевіч

(21.5.1906, г. Екацярынбург, Расія — 28.11.1985),

рускі кінарэжысёр, педагог, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1948). Акад. АПН СССР (1978), Герой Сац. Працы (1974). Д-р мастацтвазнаўства (1967). Праф. (1946). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтва (1928). Творчую дзейнасць пачаў у 1924 акцёрам, з 1930 выступаў як рэжысёр і педагог. Яго рэжысёрскае майстэрства праявілася ўжо ў першых фільмах: «Сямёра смелых» (1936), «Камсамольск» (1938), «Настаўнік» (1939), «Маскарад» (1941). У фільмах, прысвечаных сучаснасці, — шматгранны паказ жыцця, псіхал. паглыбленыя вобразы, філас. роздум, высокае майстэрства рэжысуры і акцёрскага ансамбля: «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Каля возера» (1970), «Кахаць чалавека» (1973). Значнае месца ў творчасці Герасімава займаюць экранізацыі літ. твораў: «Маладая гвардыя» (1948, паводле А.Фадзеева), «Ціхі Дон» (1957—58, паводле М.Шолахава), «Чырвонае і чорнае» (1976, паводле Стэндаля), «Юнацтва Пятра» і «У пачатку слаўных спраў» (1981, паводле А.Талстога). У 1984 паставіў фільм «Леў Талстой», дзе выканаў гал. ролю. Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (цяпер носіць яго імя), кіраваў аб’яднанай акцёрска-рэжысёрскай майстэрняй. Ленінская прэмія 1984, Прэмія Ленінскага камсамола 1970, Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1971.

Л.І.Паўловіч.

т. 5, с. 170

ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Васілевіч

(26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз. чл. АМ СССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.В.Іванава і К.А.Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.А.Някрасава, М.Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац. маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.

т. 5, с. 170

ГЕРАСІМЕ́НКА Васіль Піліпавіч

(24.4.1900, в. Вял. Бурамка Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1961),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1940). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў Мінскую аб’яднаную ваен. школу (1927), ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У пач. Вял. Айч. вайны на Зах. фронце, 21-я і 13-я арміі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў Магілёва абароне 1941, войскі 28-й арміі — у Сталінградскай бітве, вызвалялі Данбас. Да 1953 у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46.

т. 5, с. 170

ГЕРАСІМЕ́НКА Назар Яўстратавіч

(1903, чыг. ст. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — люты 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1929 працаваў у Мінску. З першых дзён ням.-фаш. акупацыі горада стварыў і ўзначаліў падп. групу (падп. псеўд. Мікалай), з 1942 сакратар Сталінскага падп. райкома КП(б)Б г. Мінск. На яго кватэры збіраліся падпольшчыкі, прымаліся сувязныя партыз. атрадаў, захоўвалася зброя, медыкаменты, нелегальная л-ра. У падп. рабоце ўдзельнічалі яго жонка Таццяна і 12-гадовая дачка Люся. У кастр. 1942 гітлераўцы арыштавалі ўсю сям’ю Герасіменка і пасля катаванняў загубілі. На тэр. сярэдняй школы № 25 у Мінску — бюст Люсі.

т. 5, с. 170

ГЕРАСІМЕ́НКА Юрый Паўлавіч

(9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр. маст. Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.

Г.А.Фатыхава.

т. 5, с. 170

ГЕРАСІМО́ВІЧ Аляксандр Ніканоравіч

(н. 26.3.1939, в. Танежыцы Слуцкага р-на, Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай электратэхнікі. Д-р тэхн. н. (1994). Скончыў БПІ (1961). З 1970 у БПА (з 1995 праф.). Навук. працы па краявых задачах тэхн. электрадынамікі. Распрацаваў метады разліку эл.-магн. характарыстык токавядучых частак і правадніковых канструкцый электраўстановак, што забяспечваюць іх эфектыўнае праектаванне.

Тв.:

Итерационный метод решения краевой задачи при исследовании электромагнитных процессов в металлических листах и полосах, расположенных в переменном поле токопроводов // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1993. № 9—10.

А.І.Болсун.

т. 5, с. 170

ГЕРАСІМО́ВІЧ Георгій Ігнатавіч

(н. 18.1.1930, в. Новы Двор Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956) і з 1959 працуе ў гэтым ін-це (з 1976 заг. кафедры). Навук. працы па метадах кансерватыўнага лячэння дабраякасных пухлін, хірург. лячэнні анамалій развіцця жаночых палавых органаў, прафілактыцы і лячэнні гнойна-запаленчых ускладненняў у акушэрстве і гінекалогіі.

Тв.:

Советы врача молодоженам. 2 изд. Мн., 1986;

Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з К.І.Малевічам, П.С.Русакевічам).

т. 5, с. 170

ГЕРАСІМО́ВІЧ Леанід Сцяпанавіч

(н. 7.1.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне выкарыстання электраэнергіі ў сельскай гаспадарцы. Д-р тэхн. н. (1982), праф. (1985). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1967). З 1970 у Бел. агр. тэхн. ун-це, з 1989 яго рэктар. Навук. працы па энергетыцы і электратэхналогіі с.-г. вытв-сці. Распрацаваў тэарэт. асновы нізкатэмпературнага паверхнева-размеркаванага электранагрэву ў сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Автоматизация сельскохозяйственных тепловых процессов и установок. Горки, 1983 (разам з М.І.Боханам);

Низкотемпературные электронагреватели в сельском хозяйстве. Мн., 1984 (у сааўт.);

Электротермическое оборудование сельскохозяйственного производства. Мн., 1995 (у сааўт.).

А.І.Болсун.

т. 5, с. 171