ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.
М.Ф.Раманюк.
т. 4, с. 160
ВІЛЕМІ́Т
(ад імя караля Нідэрландаў Вільгельма І),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, сілікат цынку Zn2[SiO4]. Прымесі марганцу, жалеза, кальцыю, магнію. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, радыяльна-прамянёвыя, нацёкі і інш. Колер белы, жоўты, зялёны, чырвоны або карычневы. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 5,5. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³. Кантактава-метасаматычны гідратэрмальны; часта гіпергенны. Выкарыстоўваецца як цынкавая руда. Празрыстыя жоўтыя вілеміты — каштоўныя камяні; сінтэтычныя — люмінафоры.
т. 4, с. 161
ВІЛЕМСТА́Д
(Willemstad),
горад, адм. ц. Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў, на в-ве Кюрасао. Засн. ў 1634. 43,6 тыс. ж. (1990). Вузел аўтадарог. Буйны порт па вывазе нафтапрадуктаў. Цэнтр нафтаперапр. прам-сці. Нафту атрымлівае па падводным нафтаправодзе з Венесуэлы і марскім шляхам з Б. Усходу. Ун-т.
т. 4, с. 161
ВІЛЕНДО́РФСКА-КАСЦЁНКАЎСКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ АДЗІ́НСТВА,
археалагічныя культуры сярэдняй пары верхняга палеаліту (каля 23—17 тыс. г. назад) на тэр. Зах., Цэнтр, і Усх. Еўропы, аб’яднаныя шэрагам агульных рыс. Назва ад стаянак каля мяст. Вілендорф (Аўстрыя) і в. Касцёнкі (Варонежская вобл., Расія). Уключае вілендорфскую, паўлаўскую (Маравія) культуры, касцёнкаўска-аўдзееўскую культуру, а таксама асобныя стаянкі (Бердыж, Кракаў-Спадзіёта, Польшча) і інш. Насельніцтва займалася паляваннем, вырабляла крамянёвыя прылады (наканечнікі, нажы, праколкі, пласціны з рэтушшу), багата арнаментаваныя рэчы з косці і іклаў маманта, зааморфныя і антрапаморфныя фігуркі з косці і мергелю. Для гэтых культур характэрны своеасаблівыя жыллёвыя комплексы: адкрытыя пляцоўкі з шэрагам агнішчаў, абкружаныя зямлянкамі і ямамі-сховішчамі. Многія даследчыкі разглядаюць Вілендорфска-Касцёнкаўскае культурнае адзінства як адзіную археал. культуру.
А.В.Іоў.
т. 4, с. 161
ВІ́ЛЕНСКАЕ БАРО́КА,
арх.-маст. сістэма, якая склалася ў манум. культавай архітэктуры ВКЛ у сярэдзіне 18 ст. Як самастойны стыль вылучаны і распрацаваны ў 1930-я г. ў мастацтвазнаўстве Зах. Беларусі. Арх. помнікі віленскага барока вызначаюцца вытанчанасцю прапорцый, скульпт. пластычнасцю фасадаў і інтэр’ераў, маляўнічасцю сілуэта, утворанага шмат’яруснымі ажурнымі вежамі і фігурнымі атыкавымі франтонамі. Выкарыстанне прынцыпаў віленскага барока ў архітэктуры уніяцкіх храмаў вызначыла не толькі іх пластычныя, але кампазіцыйныя асаблівасці ў выніку спалучэння раманскіх і візант. маст. уплываў, сімволікі каталіцкай і правасл. царквы, літургічных патрабаванняў. Лепшыя ўзоры віленскага барока на Беларусі: уніяцкія храмы — Полацкі Сафійскі сабор, Барунскі манастыр базыльян, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл базыльян у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілёве, касцёлы ў Гродне, Оршы, Слоніме і інш. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць І.К.Глаўбіца.
Т.В.Габрусь.
т. 4, с. 161
ВІ́ЛЕНСКАЕ БІ́СКУПСТВА,
гл. Віленская рымска-каталіцкая епархія.
т. 4, с. 162
ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
назва Віленскага генерал-губернатарства ў 1830—43.
т. 4, с. 162
ВІ́ЛЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм-тэр. адзінка ў 1413—1795 у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле Гарадзельскага прывілея 1413. У Віленскім ваяводстве ўвайшла большая частка зах., цэнтр, і ўсх. зямель Беларусі, тэр. паўн.-ўсх. літ. зямель. Фармальна ў Віленскае ваяводства ўваходзілі Клецкае (да 1521) і Мсціслаўскае (да 1529) княствы, якія фактычна былі аўтаномныя. У Бабруйскай воласці мела цераспалосныя ўчасткі з Трокскім ваяводствам — «віленскую палавіцу» (г. Бабруйск і 18 сёл). У 1507 са складу Віленскага ваяводства вылучана і ўтворана Навагрудскае ваяводства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Мінскае ваяводства; у Віленскім ваяводстве засталося 5 пав. (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі). У 1514—1611 і ў 1654—1793 на тэр. Віленскага ваяводства намінальна існавала экстэрытарыяльнае Смаленскае ваяводства. У 1793 Браслаўскі пав. пераўтвораны ў ваяводства. У 1795 Віленскае ваяводства ўвайшло ў склад Рас. імперыі, на яго тэр. ўтвораны Віленская губерня і Слонімская губерня.
2) Адм.-тэр. адзінка на тэр. Зах. Беларусі ў складзе Польшчы ў 1922—39. Пл. 28,9 тыс. км, нас. 1275,2 тыс. чал. (1931). Цэнтр — г. Вільня. Паводле ўмоў рас.-літ. дагавора 12.7.1920 урад РСФСР фармальна перадаў гэтыя землі Літве, але фактычнай перадачы не адбылося. 9.10.1920 яны былі захоплены польск. войскамі ген. Л.Жалігоўскага і на іх тэр. ўтворана Сярэдняя Літва, якая 20.2.1922 была далучана да Польшчы. Віленскае ваяводства ўключала 9 паветаў. У час 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Віленскае ваяводства занята часцямі Чырв. Арміі. Паводле сав.-літ. дагавора 10.10.1939 тэр. Віленскага краю (г. Вільня, Віленска-Трокскі і б.ч. Свянцянскага пав.) перададзена Літве, на астатняй тэр. ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 162
ВІ́ЛЕНСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1794—1912. Створана ў час задушэння царызмам паўстання 1794. Цэнтр — г. Вільня (у 1794—96 г. Гродна). Спачатку наз. Літоўскае ген.-губернатарства, у 1800—30 Літоўскае ваен. губернатарства, з 1830 Віленскае ваен. губернатарства, пасля 1843 Віленскае, Гродзенскае і Ковенскае ген.-губернатарства. Ядром яго былі землі ВКЛ, далучаныя да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). У сувязі з адм.-тэр. зменамі і інш. падзеямі (паўстанні 1830—31 і 1863—64) тэр. ген.-губернатарства мянялася. У склад яго ў розны час уваходзілі: Слонімская і Віленская (1795—97), Літоўская (1797—1801), Віленская і Гродзенская (з 1801) губ., Беластоцкая вобл. (1831—42), Ковенская (з 1843), Мінская (1834—56 і 1862—70), Віцебская і Магілёўская (1863—69), Аўгустоўская (1863-564) губ. У 1850—55 ген.-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай на правах папячыцеля. З 1860-х г. віленскага ген.-губернатара наз. «гал. начальнікам Паўн.-Зах. краю». З утварэннем Віленскай ваен. акругі пасада віленскага ген.-губернатара ў 1862—84, а часам і пазней аб’ядноўвалася з пасадай камандуючага войскамі акругі. Пасля 1909 ген.-губернатары не прызначаліся. Упраўленне ген.губернатара існавала да 1.7.1912.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 162
ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1908—15. Створана былымі членамі Віленскага мастацкага гуртка. Мела на мэце аб’яднанне мастакоў незалежна ад нацыянальнасці, развіццё і прапаганду мастацтва ў Віленскай губ., падтрымку мастакоў і маст. устаноў, захаванне стараж. помнікаў мастацтва. Старшыня — кіраўнік горада М.Венслаўскі, віцэ-старшыня І.Рыбакоў. Сярод членаў т-ва — мастак і кампазітар М.Чурлёніс. Т-ва арганізоўвала штотыднёвыя сходы, на якіх ладзіліся гутаркі па розных пытаннях маст. жыцця. У 1909—15 т-ва арганізавала 7 «Вясновых выстаў», у якіх удзельнічалі мясц. мастакі і мастакі з Пецярбурга і Варшавы. Па ініцыятыве т-ва ў Вільні адбыліся выстаўкі «Мастацтва ў жыцці дзяцей» (1909), «Імпрэсіяністы» (снеж. 1909—студз. 1910). З лютага 1913 пры т-ве адкрыта маст. школа, якую ўзначаліў Рыбакоў.
Літ.:
Устав Виленского художественного общества. Вильна, 1908;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.
М.Л.Цыбульскі.
т. 4, с. 162