Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВІ́СЛАЦКІ РАЁН Размешчаны на ПдЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 25,2 тыс. чал. (2001), гарадскога 36.5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Свіслач. Уключае г.п. Поразава, 151 сельскі нас. пункт, Поразаўскі пасялковы Савет, 6 сельсаветаў: Вердаміцкі, Дабравольскі, Навадворскі, Нязбодзіцкі, Свіслацкі, Ханявіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыбугскай раўніны, на ПнУВаўкавыскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пашыраны лагчыны сцёку ледавіковых вод і скразныя даліны. Цэнтр. ч. раёна — водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Пераважаюць выш. 160—200 м (95%), найвыш. пункт 242 м (за 5 км на З ад г.п. Поразава). Глыбіня расчлянення рэльефу ў межах узвышша — 20 м/км². Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 585 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі Нараў з Калонкай і Рудаўкай, Рось з Харужаўкай, Свіслач, Зальвянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5%). Пад лесам 48,8% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пд раёна, на ПдЗ амаль палавіна ляснога масіву Белавежская пушча. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя; трапляюцца грабавыя, асінавыя, ясянёвыя і інш. Пад балотамі 6,2% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Зальвянка і Глыбокае балота. На тэр. раёна ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік рэсп. значэння — Дзікае (часткова); заказнік мясц. значэння — біялагічны Поразаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Вердамічы» ў в. Вердамічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушаных 12,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну-даўгунцу, бульбы. Прадпрыемствы кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя і макаронныя вырабы) і мэблевай (мэбля з лазы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Гайнаўка (Польшча) — Свіслач—Ваўкавыск, аўтадарогамі г. Свіслач звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых, 1 пач., 1 муз., 1 спарт., 2 маст. школы, спецшкола-інтэрнат, Цэнтр пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 24 дамы культуры і клубы, 37 б-к, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква (пабудавана ў 1792 як касцёл францысканцаў, з 1870 правасл. царква, захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 ст.) у в. Грынявічы, царква Іаана Хрысціцеля (1840) у в. Дабраволя. Выдаецца «Свіслацкая газета».

Р.​Р.​Паўлавец, Т.​І.​Шмыга.

т. 14, с. 264

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 285 км, пл. вадазбору 5,2 тыс. км². Пачынаецца на Мінскім узв. за 1,5 км на ПдУ ад в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл., вусце на паўд.-ўсх. ускраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Цячэ па цэнтр. ч. Мінскага ўзв. і па зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прытокі: Вяча (упадае ў Заслаўскае вадасховішча), Волма, Балачанка (злева), Цітаўка, Талька, Сіняя (справа). Даліна ў вытокавай частцы V-падобная і скрынепадобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 400—600 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя, выш. 10—12 м, парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая, радзей аднабаковая, чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, пераважна адкрытая, шыр. 300—500 м у верхнім, 0,8—1 км у ніжнім цячэнні. Рэчышча ад вытоку на працягу 4 км звілістае, месцамі каналізаванае, шыр. 3—4 м. У вярхоўі ад в. Векшыцы Мінскага р-на на працягу амаль 10 км з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У межах г. Мінска рэчышча шыр. 25—30 м, утварае 8 лукавін, каналізавана на 7 участках агульнай працягласцю 7,9 км (да в. Каралішчавічы Мінскага р-на). У цэнтры горада берагі забетанаваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шыр. 25—50 м; берагі выш. 2—3 м, месцамі 6—8 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Да буд-ва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы веснавое разводдзе пачыналася ў 2-й пал. сак., доўжылася 50 сут, найвыш. ўзроўні ўсталёўваліся ў сярэдзіне мая, найніжэйшыя — у ліп. і жн.; замярзала ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 45—50 мус. Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасх. (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк С. ўплывае таксама перакідка вады з р. Вілія па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. 3 вадасх. Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму. У Мінску і ніжэй рака моцна забруджана прамысл. і быт. сцёкамі. На С. — Асіповіцкая ГЭС, гарады Мінск, Заслаўе.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

СВІ́СЛАЧ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст. н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.

т. 14, с. 265

СВІ́СЛАЧ,

горад, цэнтр Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл., каля вытоку р. Свіслач (бас. р. Нёман); чыг. ст. Свіслач на лініі Ваўкавыск—Свіслач, знаходзіцца за 3 км ад гар. пасёлка. За 90 км на Пд ад Гродна. Аўтадарогамі злучана з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. 7,8 тыс. ж. (2001).

Упершыню ў пісьмовых крыніцах С. згадваецца ў канцы 15 — пач. 16 ст. як велікакняжацкая маёмасць. У сярэдзіне 16—19 ст. прыватная ўласнасць. Належала Заслаўскім (з 1542), Крышпінам (з пач. 17 ст.), Тышкевічам (2-я пал. 18 ст. — 1831). У 18 ст. граф В.​Тышкевіч заклаў парк і ў ім пабудаваў палац. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. На мяжы 18—19 ст. дзейнічаў Свіслацкі тэатр Тышкевічаў. У 1-й пал. 19 ст. працавала папяровая мануфактура, пабудаваны гандл. рады. У 1804 Тышкевіч заснаваў Свіслацкую гімназію. У 1851 гімназія пераўтворана ў 5-класнае дваранскае вучылішча, якое скончыў К.​Каліноўскі; з 1876 Свіслацкая настаўніцкая семінарыя. У 1833 у С. 1256 ж., 146 драўляных і 1 мураваны дом, 48 крам. У 1897—3099 ж., 526 дамоў (502 драўляныя, 24 мураваныя), 6 гарбарных, піваварнае, 2 медаварныя прадпрыемствы, сельская лячэбніца. У канцы 19 ст. штогод праводзіўся кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З канца 1939 у Беластоцкай вобл. БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Свіслацкага раёна. У Вял. АЙЧ. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4859 чал. Дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. З 20.9.1944 у складзе Гродзенскай вобл.

Працуюць харчкамбінат, камбінат каап. прам-сці, з-д жалезабетонных вырабаў, сумеснае прадпрыемства «Свіда»; 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, бальніца, царква, касцёл, сінагога, мячэць, Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, К.​Каліноўскаму, Р.​Траўгуту. Помнікі архітэктуры — парк (18 ст.), будынак гімназіі (1802—03).

т. 14, с. 265

СВІ́СЛАЧ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас. р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.

На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.

т. 14, с. 266

СВІ́СЛАЧ,

вёска ў Квасоўскім с/с Гродзенскага р-на, на р. Свіслач. Цэнтр калгаса. За 22 км на ПдУ ад Гродна. 955 ж., 346 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1884). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (канец 19 ст.).

т. 14, с. 266

«СВІ́СЛАЧ»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1938 (арх. А.​П.​Воінаў). Да 1987 наз. «Беларусь». У кампазіцыі 5-павярховага будынка вылучаны 6-павярховы вуглавы паўкруглы ў плане аб’ём з цэнтр. уваходам. Да яго пад прамым вуглом прымыкаюць бакавыя крылы. Пластыку фасадаў ствараюць рытмічна пастаўленыя трохчвэртныя калоны без баз і капітэлей, якія падтрымліваюць атыкавы паверх. Калоны цэнтр. ч. найб. па маштабе. У Вял. Айч. вайну гасцініца спалена, адноўлена паводле праекта аўтара ў 1947. У 1978 рэстаран гасцініцы рэканструяваны і расшыраны (арх. Л.​Мельнік, інтэр’еры аформлены скульпт. А.​Глебавым).

А.​А.​Воінаў.

Гасцініца «Свіслач».

т. 14, с. 266

СВІСТКІ́,

механічныя прыстасаванні для пераўтварэння кінетычнай энергіі струменя ў энергію акустычных ваганняў. У адрозненне ад сірэн не маюць вярчальных або рухомых частак. Аўтавагальны рэжым цячэння высокаскараснога струменя ствараюць тармажэннем полым рэзанатарам або клінам, які мае рэзанансную поласць. Акустычная магутнасць С. значна ніжэйшая, чым у газаструменных выпрамяняльніках (не перавышае некалькіх дзесяткаў ват).

Паводле рабочага цела С. бываюць газавыя (паветраныя, пераважна віхравыя, С. Гальтана, т. зв. губныя) і вадкасныя (з пласціністымі ці стрыжнёвымі вібратарамі). Газавыя С. выкарыстоўваюць пераважна для бясшумнай сігналізацыі, вадкасныя — для інтэнсіфікацыі цепламасаабменных працэсаў.

Схемы свісткоў: а — віхравога (1 — трубка для падачы газу, 2 — цыліндрычная камера, 3 — выхадная трубка); б — губнога (1 — шчылінападобнае сапло, 2 — востры край рэзанатара, 3 — рэзанансная камера).

т. 14, с. 266

СВІСЦЁЛКА, свістулька,

народны духавы муз. інструмент тыпу глабулярнай флейты, вядомы. многім народам свету. Мае рэзанатарную поласць, свістковае прыстасаванне і 2—5 ігравых адтулін. Гучанне даволі моцнае, яркае і ў той жа час мяккае, крыху прыглушанае. Нярэдка іх выраб набываў характар самаст. промыслу (гл. Дымкаўская цацка). На Беларусі вядома з часоў неаліту. На думку некат. даследчыкаў, у першабытныя часы С. выконвалі ролю не толькі дзіцячай забаўкі, але мелі і рытуальнае прызначэнне: свіст павінен быў адганяць «злых духаў». Сімвалічнае значэнне меў і выбар сюжэтаў (конік, козлік, пеўнік, качка); С. ў выглядзе антрапаморфнай фігуркі абазначалі продкаў. Выраб С. звычайна спадарожнічаў ганчарству, нярэдка лепкай іх займаліся жанчыны і дзеці. Пустацелае тулава С. фармавалі на пальцы або цыліндрычнай палачцы (форма), свісток і бакавыя ігравыя адтуліны (звычайна 2) рабілі іголкападобнай драўлянай праколкай (шыпулём). Абпаленыя разам з посудам у хатняй печы ці ганчарным горне, С. былі тэракотавыя, глазураваныя ці чорназадымленыя. У наш час пашырыліся як сувенірныя і маст. вырабы, нярэдка як нар. духавыя муз. інструменты для выканання нескладаных песенных і танцавальных мелодый, імітацыі спеваў птушак (звычайна ў складзе фалькл. калектываў).

Літ.:

Милюченков С.А. Белорусское народное гончарство. Мн., 1984;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979;

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

І.​Д.​Назіна, Я.​М.​Сахута.

Свісцёлкі «Коннікі». Вёска Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1930-я г.

т. 14, с. 266