СВІ́СЛАЧ,
горад, цэнтр Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл., каля вытоку р. Свіслач (бас. р. Нёман); чыг. ст. Свіслач на лініі Ваўкавыск—Свіслач, знаходзіцца за 3 км ад гар. пасёлка. За 90 км на Пд ад Гродна. Аўтадарогамі злучана з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. 7,8 тыс. ж. (2001).
Упершыню ў пісьмовых крыніцах С. згадваецца ў канцы 15 — пач. 16 ст. як велікакняжацкая маёмасць. У сярэдзіне 16—19 ст. прыватная ўласнасць. Належала Заслаўскім (з 1542), Крышпінам (з пач. 17 ст.), Тышкевічам (2-я пал. 18 ст. — 1831). У 18 ст. граф В.Тышкевіч заклаў парк і ў ім пабудаваў палац. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. На мяжы 18—19 ст. дзейнічаў Свіслацкі тэатр Тышкевічаў. У 1-й пал. 19 ст. працавала папяровая мануфактура, пабудаваны гандл. рады. У 1804 Тышкевіч заснаваў Свіслацкую гімназію. У 1851 гімназія пераўтворана ў 5-класнае дваранскае вучылішча, якое скончыў К.Каліноўскі; з 1876 Свіслацкая настаўніцкая семінарыя. У 1833 у С. 1256 ж., 146 драўляных і 1 мураваны дом, 48 крам. У 1897—3099 ж., 526 дамоў (502 драўляныя, 24 мураваныя), 6 гарбарных, піваварнае, 2 медаварныя прадпрыемствы, сельская лячэбніца. У канцы 19 ст. штогод праводзіўся кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З канца 1939 у Беластоцкай вобл. БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Свіслацкага раёна. У Вял. АЙЧ. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4859 чал. Дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. З 20.9.1944 у складзе Гродзенскай вобл.
Працуюць харчкамбінат, камбінат каап. прам-сці, з-д жалезабетонных вырабаў, сумеснае прадпрыемства «Свіда»; 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, бальніца, царква, касцёл, сінагога, мячэць, Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, К.Каліноўскаму, Р.Траўгуту. Помнікі архітэктуры — парк (18 ст.), будынак гімназіі (1802—03).
т. 14, с. 265