Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫНІ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (9.9.1894, г. Цвер, Расія — 30.10.1937),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1913—15). Чл. РСДРП з 1915. Арыштаваны і ў вер. 1915 асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібір. Вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, быў старшынёй Цвярскога губкома РСДРП. У 1918—24 на парт. рабоце ва Уладзіміры, Саратаве, Маскве, Омску, Данецку. З вер. 1924 да мая 1927 у БССР: сакратар, са снеж. 1925 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б. З мая 1927 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК ВКП(б), з 1929 сакратар Закаўказскага крайкома ВКП(б), потым нам. наркома РСІ СССР, адначасова чл. рэдкалегіі час. «Большевик», нам. заг. с.-г. аддзела ЦК ВКП(б), з 1933 нач. палітупраўлення МТС Наркамзема СССР, 1-ы сакратар Саратаўскага крайкома (абкома) партыі. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—27. Канд. у чл. ЦК у 1924—34, чл. ЦК ВКП(б) з 1934. Чл. ЦВК БССР і яго Прэзідыума ў 1925—27. 20.7.1937 арыштаваны, абвінавачаны ў прыналежнасці да арганізацыі правых і шпіянажы на карысць Польшчы, расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.

Р.П.Платонаў.

т. 8, с. 516

КРЫНІ́ЦКІ Арон Маркавіч [парт. псеўд. Бампі; 14.12.1896, Мінск — 21.2.1971], удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны ў Мінску. Скончыў БДУ (1925), Ін-т чырв. прафесуры (1931). У час ням. акупацыі Беларусі (1918) адказны сакратар Мінскага падп. парт. к-та, адзін з арганізатараў партыз. руху, чл Краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы. Пасля вызвалення Мінска нам. старшыні Мінскага Савета, чл. Мінскага рэўкома, чл. ЦВК БССР. У 1920 нач. аддзела РВС Зах. фронту, удзельнічаў у падпісанні Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. У 1921—24 у Мінскім гарсавеце. З 1931 у Наркамасветы РСФСР, з 1933 на выкладчыцкай рабоце ў Маскве.

П.А.Селіванаў.

А.І.Крыніцкі.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЦЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,

усе аб’екты, якія непасрэдна адлюстроўваюць гіст. працэс і даюць магчымасць вывучаць гісторыю чалавечага грамадства. Да іх належаць помнікі пісьменнасці, архітэктуры, рэшткі прылад і сродкаў вытв-сці, прадметы побыту і дзейнасці чалавека, а таксама стараж. элементы, што зберагліся ў мове і інш. Умоўна падзяляюцца на рэчавыя, кінафотафонаматэрыялы, лінгвістычныя, пісьмовыя, вусныя, этнагр. і інш. Тэорыяй і методыкай вывучэння і выкарыстання К.г. займаецца крыніцазнаўства.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЦЫ ПРА́ВА,

дзяржаўна-афіцыйная форма выяўлення і замацавання прававых норм. У сучасных прававых сістэмах асн. віды К.п.: нарматыўныя акты і прававыя звычаі, суд. прэцэдэнты, а таксама міжнародныя дагаворы і ўнутрыдзярж. дагаворы. Нарматыўныя акты звычайна падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У Рэспубліцы Беларусь К.п. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (асн. закон), канстытуцыйныя і звычайныя законы, рэгламенты і нормавызначальныя пастановы палат Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў, падзаконныя акты органаў выканаўчай улады, пастановы Канстытуцыйнага суда, міжнар. дагаворы і пагадненні, акты органаў мясц. кіравання і інш.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл. Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.

Цеплавыя К.с. — полымя, эл. лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл. Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.

В.В.Валяўка.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,

устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.

Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).

В.І.Вараб’ёў.

Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЦЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

крыніцы радыеактыўных часціц і гама-квантаў. Імі могуць быць радыеактыўныя ізатопы, паскаральнікі зараджаных часціц, ядзерныя рэактары, ядзерны выбух, тэрмаядзерныя рэакцыі і інш. Гл. таксама Радыеактыўныя прэпараты.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.

Крынічнік: 1 — гарычкавы; 2 — даўгалісты; 3 — дуброўны.

т. 8, с. 517

КРЫНІ́ЧНЫ,

пасёлак у Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 9 км на ПдУ ад г. Мазыр, 142 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Козенкі. 1260 ж., 403 двары (1998). Палеская с.-г. доследная станцыя, агароднінная ф-ка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 8, с. 517

КРЫ́НКАЎСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1864—79 у маёнтку Крынкі Аршанскага пав. (цяпер в. Крынкі ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.). У 1864 працавала 90 чал., выраблена паперы на 29,2 тыс. руб.; у 1879—201 чал.

т. 8, с. 518