ЗАГРО́С,
горная сістэма ў Іране, на ПдЗ Іранскага нагор’я. Даўж. 1600 км, шыр. 200—300 км, пераважныя выш. 2—3 тыс. м, найб. 4548 м (г. Зердкух). Складаная сістэма з 15—20 паралельных хрыбтоў, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ і падзелены падоўжнымі і папярочнымі вузкімі каньёнападобнымі цяснінамі і катлавінамі. Невялікія ледавікі. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў мезазою і кайназою. Карст. У цэнтр. ч. і на ПнУ агаляецца дамезазойскі фундамент з вял. салянымі купаламі. Радовішчы нафты. Клімат субтрапічны, сухі. Пераважаюць горна-пустынныя ландшафты. У міжгорных катлавінах азёры, саланчакі, аазісы (фінікавая пальма, цытрусавыя, вінаград). Зах. ч. сярэдняга пояса найб. вільготная (лясы і рэдкалессі з дубу, вязу, клёну і інш.); вышэй — альпійскія лугі і нізкарослая хмызняковая расліннасць.
т. 6, с. 497
ЗАГРУ́ЗЧЫК КАРМО́Ў,
машына для транспартавання і мех. загрузкі сухіх і вільготных кармоў у бункеры-сілкавальнікі паточных ліній, у бункеры раздатчыкаў кармоў або ў інш. ёмістасці. Бываюць навясныя, паўнавясныя, прычапныя і самаходныя. З.к. на шасі аўтамабіляў маюць бункеры ўмяшчальнасцю ад 3 да 8 м³.
т. 6, с. 498
ЗАГУ́ЗЗЕ,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Загуззе. Паклад (3 участкі) звязаны з краявымі і флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода жаўтавата-шэрая, бурая, месцамі гліністая, з праслоямі і лінзамі пяскоў. Разведаныя запасы 33,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—19,8 м, ускрышы (пяскі, супескі, гліны) 0,2—5,3 м. Жвір і пясок прыдатныя ў дарожным буд-ве, на вытв-сць бетону, сілікатнай цэглы. Радовішча распрацоўваецца.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 498
ЗАДАВА́ЛЬНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл. ваганняў высокай частаты з самаўзбуджэннем у радыёперадатчыках сярэдняй і вял. магутнасці. Ваганні, атрыманыя ад З.г., пераўтвараюцца і ўзмацняюцца адной ці некалькімі далейшымі ступенямі. Адрозніваецца высокай стабільнасцю частаты і незалежнасцю яе ад нагрузкі; у З.г. найб. пашырана кварцавая стабілізацыя частаты (гл. Кварцавы генератар).
т. 6, с. 498
ЗАДА́ТАК,
грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.
т. 6, с. 498
ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),
назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр. паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.
т. 6, с. 498
ЗАДЗЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, на зах. ускраіне г. Паставы. Пл. 0,92 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 68,8 км². Схілы катлавіны выш. 5—12 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно складанай будовы, каля берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Востраў пл. 0,9 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Спорыца, злучана ручаём з воз. Загацце.
т. 6, с. 498
ЗА́ДНЕВА,
вёска ў Азерацкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 10 км на ПнУ ад Талачына, 128 км ад Віцебска, 13 км ад чыг. ст. Талачын. 125 ж., 46 двароў (1997). Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 6, с. 498