ЗАГРО́С,

горная сістэма ў Іране, на ПдЗ Іранскага нагор’я. Даўж. 1600 км, шыр. 200—300 км, пераважныя выш. 2—3 тыс. м, найб. 4548 м (г. Зердкух). Складаная сістэма з 15—20 паралельных хрыбтоў, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ і падзелены падоўжнымі і папярочнымі вузкімі каньёнападобнымі цяснінамі і катлавінамі. Невялікія ледавікі. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў мезазою і кайназою. Карст. У цэнтр. ч. і на ПнУ агаляецца дамезазойскі фундамент з вял. салянымі купаламі. Радовішчы нафты. Клімат субтрапічны, сухі. Пераважаюць горна-пустынныя ландшафты. У міжгорных катлавінах азёры, саланчакі, аазісы (фінікавая пальма, цытрусавыя, вінаград). Зах. ч. сярэдняга пояса найб. вільготная (лясы і рэдкалессі з дубу, вязу, клёну і інш.); вышэй — альпійскія лугі і нізкарослая хмызняковая расліннасць.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)