Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕЙСМІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстроўваюць якасныя і колькасныя характарыстыкі землетрасенняў, іх размяшчэнне і звязаныя з імі з’явы (напр., сейсмадыслакацыі, цунамі). На картах эпіцэнтраў землетрасенняў паказваюць палажэнне эпіцэнтраў, інтэнсіўнасць і частату паўтарэння землетрасенняў, глыбіні ачагоў. Карты ізасейстаў адлюстроўваюць вынікі землетрасення ў выглядзе зон з рознай інтэнсіўнасцю страсення ў балах. Ствараюць таксама карты сейсмічнага раянавання.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

СЕЙСМІ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,

пругкія ваганні, што распаўсюджваюцца ў Зямлі ад ачагоў землетрасенняў, выбухаў і інш. Адрозніваюць падоўжныя С.х. (ваганні адбываюцца ў напрамку распаўсюджвання хвалі, выклікаюць сцісканне і расцяжэнне), папярочныя С.х. (перпендыкулярныя распаўсюджванню хвалі; хвалі зруху), паверхневыя С.х. (узнікаюць каля паверхні падзелу геал. асяроддзяў; хвалі Лява, Рэлея), аб’ёмныя С.х. (падоўжныя і папярочныя хвалі, ідуць ад ачага ўзбуджэння па аб’ёме Зямлі), адбітыя і пераломленыя С.х. (узнікаюць на мяжы падзелу геал. асяроддзяў з рознымі фіз. ўласцівасцямі). Рэгістрацыя С.х. дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі. Гл. таксама Сейсмаграма, Сейсмічная разведка.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

СЕЙСМО́ГРАФ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...граф),

аўтаматычная прылада для рэгістрацыі ваганняў зямной паверхні пры землетрасеннях, штучных выбухах і інш. Складаецца з сейсмометра, які прымае сейсмічны сігнал і рэгіструючай прылады. Існуюць С. з мех., гальванаметрычным, цеплавым, аптычным, эл. спосабамі рэгістрацыі. Пры сейсмалагічных даследаваннях выкарыстоўваюць С. з перыядам уласных ваганняў 0,3—120 с, у сейсмаразведцы 0,03—0,2 с.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

СЕЙТА́КАЎ (Бекі) (31.3.1914, с. Бедыркент, цяпер сельсавет імя А.​Атаева Ташаузскай вобл., Туркменістан — 5.3.1979),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1968). Чл.-кар. АН Туркменістана (з 1969). Скончыў Ташаузскае пед. вучылішча (1931), настаўніцкі ін-т (1944). З 1944 на журналісцкай і пед. рабоце, у 1966—73 працаваў у перыяд. друку. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы і паэмы» (1947), «Пустыня адступае» (1951). Тэма вёскі — асн. ў пасляваен. творчасці С. (аповесці «Свет Масквы», 1953; «Неспакойныя людзі», 1958). Мінулае Туркменістана ў рамане «Паэт» (1958), гіст. трылогіі «Браты» (кн. 1—4, 1958—72). Аўтар рамана «Сэрца пустыні» (1962), аповесці «Сын Леніна» (1975), зб-каў апавяданняў, нарысаў, успамінаў. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1976.

т. 14, с. 298

СЕЙТАЛІ́ЕЎ (Тактаналы) (н. 3.12.1937, с. Жайылма, Кіргізія),

кіргізскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1984). З 1969 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Эміль («Чэрвеньская ноч» П.​Хаджыева), Сыргак, Кульчора, Керымбай («Манас», «Месячная прыгажуня», «Тактагул» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і інш. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1982.

т. 14, с. 298

СЕЙТВАЛІ́ЕЎ (Сейтнафе) (29.5.1919, в. Таў-Кіпчак Белагорскага р-на, Крым, Украіна — 13.3.1983),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Разлік гарматы знішчальнай процітанк. батарэі на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні г. Жлобін і ў баі каля г.п. Мар’іна Горка, дзе адбіў некалькі контратак ворага.

т. 14, с. 298

СЕЙТЛІ́ЕЎ (Кара) (1.1.1915, с. Караган Бахардэнскага р-на, Туркменістан — 2.5.1971),

туркменскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1941). У 1943—44 дырэктар Туркм. т-ра оперы і балета. У 1963—71 міністр культуры Туркменістана. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў вершаў і паэм на тэмы сучаснасці: «Ліра паэта» (1941), «Сістр» (1944), «Крыніца» (1950), «Кветкі Індыі» (1960), «Крылатыя часы» (1962) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Напісаў п’есу «Джахан» (паст. 1946), камедыю «Сын пастуха» і драму «Дачка садоўніка» (з Г.​Мухтаравым) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1968;

Человек и мир: Стихи и поэмы. М., 1971.

т. 14, с. 298

СЕ́ЙФЕРТ ((Seifert) Яраслаў) (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт. зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.​Разанаў, М.​Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Сейферт.

т. 14, с. 298

СЕЙФУ́ЛІН (Сакен) (Садвакас; 12.6.1894, качавы аул у Джэзказганскай вобл., Казахстан — 25.2.1939),

казахскі пісьменнік, грамадскі дзеяч; пачынальнік новай каз. л-ры. Скончыў Омскую настаўніцкую семінарыю (1916). Настаўнічаў, у 1925—37 працаваў у перыяд. друку. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1910. Асн. ў яго творчасці — тэма рэвалюцыі і буд-ва новага жыцця (паэт. зб-кі «Неўтаймаваны конь», 1922; «Домбра», 1924; «Экспрэс», 1926; «На хвалях жыцця», 1928; п’есы «Шлях да шчасця», нап. 1917; «Чырвоныя сокалы», нап. 1920). Лепшыя традыцыі нар. паэзіі развіваў у паэмах «Разлучаныя лебедзі» (1925), «Саветстан» (1926), «Какчэтаў» (1929), «Альбатрос» (1933). Аўтар гісторыка-мемуарнага рамана «Цяжкі шлях, нялёгкі пераход» (1927), аповесцей «Айша» (1922, перапрацавана ў 1935), «Землякопы» (1928), «Здабыткі» (1935) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў П.​Місько.

Тв.:

Рус. пер. — Тернистый путь. Алма-Ата, 1964;

Хамит в погоне за бандитом: Рассказы. Алма-Ата, 1971;

Стихотворения и поэмы. Л., 1973 (разам з І.​Джансугуравым).

Літ.:

Какишев Т. Сакен Сейфуллин. М., 1972;

Кирабаев С. Сакен Сейфуллин: Критико-биогр. очерк. М., 1973.

Ж.​Сахіеў.

т. 14, с. 299

СЕЙФУ́ЛІНА (Лідзія Мікалаеўна) (3.4.1889, пас. Верхнеўвельскі Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія — 25.4.1954),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя пед. курсы ў Маскве (1920). Працавала бібліятэкарам, настаўніцай, актрысай. У апавяданнях, аповесцях «Чатыры главы», «Ноеў каўчэг», «Перагной» (усе 1922), «Вірынея» (1924; інсцэніравана з В.​Праўдухіным, у 1925; аднайм. опера створана ў 1967 кампазітарам С.​Сланімскім, фільм у 1969), «Сустрэча» (1925) і інш. ломка вясковага побыту пасля 1917, змены ў псіхалогіі жанчын. Аповесць «Правапарушнікі» (1922) пра беспрытульнікаў. Пра Вял. Айч. вайну аповесць «На сваёй зямлі» (1946). Аўтар п’ес «Спадарожнікі» (паст. 1932), «Наташа» (1937), «Сын» (1947, апубл. 1959), кн. «Пра літаратуру» (1958), успамінаў і інш. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі М.​Байрашэўская, П.​Місько і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1968—69;

Соч. Т. 1—2. М., 1980;

Бел. пер. — Правапарушнікі. Мн., 1930;

Таня. Мн., 1937.

Літ.:

Лидия Сейфуллина в воспоминаниях современников. М., 1961;

Яновский Н.Н. Лидия Сейфуллина. 2 изд. М., 1972.

т. 14, с. 299