Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІБРА́ТАР,

сістэма, у якой узбуджаюцца ваганні (мех., эл.-магн. і інш.). 1) Вібратар у тэхніцы — прыстасаванне для атрымання мех. ваганняў. Выкарыстоўваецца самастойна або як. рабочы орган вібрацыйных машын і абсталявання (гл. Вібрацыйная тэхніка).

2) Вібратар у радыётэхніцы — адрэзак метал. проваду, токаправодны або дыэлектрычны стрыжань, які з’яўляецца ўзбуджальнікам (крыніцай) эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца як самая простая антэна або як элемент складаных антэн.

3) Вібратар у вымяральнай тэхніцы — рухомая частка вымяральных прылад вібрацыйнага тыпу, напр., частатамераў.

т. 4, с. 137

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

ВІБРАЎШЧЫЛЬНЕ́ННЕ БЕТО́НУ,

ушчыльненне бетону вібрацыяй з мэтай лепшага запаўнення формы або апалубкі. Бывае аб’ёмнае (на вібрапляцоўках), унутранае (глыбіннае), паверхневае і камбінаванае (напр., вібраштампаванне рабрыстых панэлей, абалонак, лесвічных маршаў, іншых жалезабетонных вырабаў складанага профілю з дапамогай вібраштампаў). Эфектыўнасць вібраўшчыльнення бетону характарызуецца амплітудай і частатой ваганняў, працягласцю вібрыравання.

т. 4, с. 137

ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, прыстасаванні і прылады, прызначаныя для стварэння, выкарыстання і вывучэння вібрацыі, для аховы ад яе шкоднага ўздзеяння. Да вібрацыйнай тэхнікі адносяцца: вібрацыйныя машыны; датчыкі, пераўтваральнікі, аналізатары, рэгістравальныя і сігнальныя прыстасаванні; пасіўныя і актыўныя вібраахоўныя прыстасаванні (дэмпферы «сухога» і вязкага трэння, дынамічныя гасільнікі ваганняў, сістэмы аўтам. кіравання рухам вібратараў і інш.).

Вібрацыйныя машыны падзяляюцца: паводле тыпу прывода — на гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрамех. і інш.; паводле прынцыпу стварэння ваганняў — на цэнтрабежныя (вібрацыя ўзнікае пры вярчэнні дэбалансу), поршневыя, кулачковыя, крывашыпна-шатунныя, электрамагнітныя, электрадынамічныя, магнітастрыкцыйныя, п’езаэлектрычныя і інш.; паводле прызначэння — на тэхнал., транспартавальныя, дазіруючыя і выпрабавальныя. Тэхналагічныя: вібрамолаты, вібрапагружальнікі (для апускання ў грунт і выцягвання з яго паляў, труб, шпунта і інш.), вібрапляцоўкі (для вібраўшчыльнення бетону), вібрацыйныя рашоткі (для выбівання апок), вібраштампы (для штампавання жалезабетонных вырабаў складанай канфігурацыі), вібракаткі (для ўшчыльнення дарожнага пакрыцця; гл. Каток дарожны) і інш. Транспартавальныя: вібрацыйныя транспарцёры, канвееры, пад’ёмнікі, бункеры, помпы (для транспартавання вадкіх, сыпкіх, кускавых матэрыялаў, вырабаў на адлегласць да 100 м і болей). Дазіравальныя — вібрацыйныя дазатары (для адмервання вадкіх і сыпкіх матэрыялаў). Выпрабавальныя: вібрастэнды (для вібрацыйных выпрабаванняў вырабаў або для каліброўкі датчыкаў вібравымяральнай апаратуры), машыны для выпрабавання будынкаў пры штучных сейсмічных нагрузках і інш. Сродкі вібрацыйнай тэхнікі выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, горнай і хім. прам-сці, сельскай і камунальнай гаспадарцы і інш.

Літ.:

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969;

Вибрационные массообменные аппараты. М., 1980;

Варсанофьев В.Д., Кольман-Иванов Э.Э. Вибрационная техника в химической промышленности. М., 1985.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Вібрацыйная тэхніка. Вібрапракатны стан для вытворчасці танкасценных жалезабетонных вырабаў: 1 — секцыя цеплавой апрацоўкі; 2 — калібравальная секцыя; 3 — секцыя бетанавання і ўшчыльнення бетону; 4 — секцыя арміравання.
Да арт. Вібрацыйная тэхніка. А — схема вібраапускальніка (1 — электрарухавік, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — паля); Б — схема ўстаноўкі для вібраштампавання жалезабетонных вырабаў (1 — вібраштамп, 2 — прыціскная рама, 3 — аснастка); В — схема вібрапляцоўкі для ўшчыльнення бетону (1 — рухомая рама, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — прыстасаванне для замацоўвання формы).
Да арт. Вібрацыйная тэхніка. Самаперасоўная вібрапліта: 1 — вібраўзбуджальнік; 2 — рабочая пліта; 3 — рухавік.

т. 4, с. 137

ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ХВАРО́БА,

прафесійная хвароба, якая развіваецца пры сістэматычным працяглым уздзеянні вібрацыі. Асн. клінічныя выявы — змены ў перыферычнай сасудзістай сістэме, касцёва-сустаўным і нервова-мышачным апараце. Пры мясц. уздзеянні вібрацыі (напр., на рукі) адзначаецца боль у кісцях (часцей ноччу), пабяленне пальцаў на холадзе, аняменне і зябкасць рук, болі ў паясніцы і ў вобласці сэрца, паніжэнне адчувальнасці ў руках (часам і ў нагах). Пры агульным уздзеянні вібрацыі выяўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўны боль, дрэнны сон, раздражняльнасць, парушэнні, звязаныя з дзейнасцю мозга і вестыбулярнага апарату. Лячэнне: вітаміны, фізіятэрапеўтычнае і курортнае, лячэбная гімнастыка.

т. 4, с. 138

ВІБРАЦЫ́ЙНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

гл. Вагальныя спектры.

т. 4, с. 138

ВІБРА́ЦЫЯ (ад лац. vibratio ваганне, дрыжанне),

механічныя ваганні пругкіх цел, механізмаў і збудаванняў. Характарызуецца частатой (звычайна вібрацыяй лічаць ваганні частатой больш за 1 Гц) і амплітудай. Падзяляецца на карысную і шкодную. Выяўляецца і запісваецца вібрашчупамі, частатамерамі, вібрографамі, сейсмографамі, асцылографамі ў выглядзе графіка — вібраграмы.

Карысная вібрацыя ўзбуджаецца вібратарамі. Выкарыстоўваецца ў многіх тэхнал. аперацыях (гл. Вібрацыйная тэхніка), медыцыне (гл. Вібратэрапія) і інш. Шкодная вібрацыя ўзнікае пры руху транспарту, рабоце машын, механізмаў і інструментаў. Яна асабліва небяспечная пры рэзанансе (калі па частаце супадае з уласнымі ваганнямі канструкцыі, напр. флатэр у самалёта). Шкодная вібрацыя паскарае знос машын, зніжае трываласць матэрыялаў. Яна памяншаецца вібраізаляцыяй і дэмпфіраваннем (правільнай падвескай або ўстаноўкай прылад і машын, выкарыстаннем амартызатараў з пругкіх матэрыялаў, спружынных і дынамічных гасільнікаў, іншых паглынальнікаў энергіі вібрацыі). Згубна дзейнічае на здароўе чалавека (гл. Вібрацыйная хвароба).

Літ.:

Вибрации в технике: Справ. Т. 4. М., 1981;

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969.

У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 138

ВІБРЫЁЗ,

гл. Кампілабактэрыёз.

т. 4, с. 138

ВІБРЫЁНЫ,

бактэрыі роду Vibrio. Аэробы або факультатыўныя анаэробы. Маюць форму кароткіх палачак даўж. 1—5 мкм, загнутых у выглядзе коскі. Грамадмоўныя, здольныя да хуткіх вагальных рухаў (адсюль назва). Жывуць у вадаёмах, глебе, кішэчніку. Патагенныя віды выклікаюць халеру ў чалавека, кампілабактэрыёз у жывёл.

т. 4, с. 138

ВІБРЫ́СЫ (лац. vibrissae ад vibro калыхаюся, выгінаюся),

доўгія, шорсткія, відазмененыя валасы ў млекакормячых, якія выступаюць над паверхняй шорсткага покрыва і выконваюць ролю дадатковых органаў дотыку. Размяшчаюцца пераважна на пярэдняй частцы галавы (вусы ў кашэчых, т.зв. маржовыя вусы ў цюленяў, маржоў), зрэдку на бруху (у вавёркі), на лапах (у многіх сумчатых), канцы хваста (у крата). Добра развіты ў жывёл, якія вядуць начны (напр., у многіх драпежных, лемураў) або падземны (у кратоў, слепышоў) спосаб жыцця. Інервуюцца больш за звычайныя валасы (напр., у вусатых кітоў у корань вібрыса можа пранікаць да 10 тыс. нерв. валокнаў).

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 138